Skip to main content

Ліст рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Яна Раманоўскага на нядзелю Хрыста Валадара Сусвету

rector

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Сёння мы адзначаем у літургіі Касцёла ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Вельмі хутка мы завершым чарговы літургічны год і распачнём новы. Падобным чынам і нашае жыццё складаецца з розных перыядаў і этапаў. Яшчэ крыху – і мы таксама завершым чарговы год нашага жыцця, у сувязі з чым у нас, напэўна, яшчэ шмат розных спраў і абавязкаў, якія нам трэба паспець зрабіць, каб пакінуць іх у гэтым годзе. Аднак сярод усіх гэтых зямных імкненняў і мэтаў, якіх мы хочам дасягнуць, мы, як веруючыя людзі, не можам забыць аб самай галоўнай мэце нашага зямнога пілігрымавання, якой з’яўляецца Божае Валадарства. Таму што толькі ў цеснай сувязі з гэтай мэтай усе іншыя нашыя справы і жыццёвыя задачы атрымоўваюць сваё значэнне і вартасць – а можа, наадварот, аказваюцца не настолькі важнымі і істотнымі. Толькі абіраючы за галоўную мэту здабыццё Божага Валадарства і прымаючы Езуса Хрыста як свайго Валадара, мы можам знайсці адказы на важныя для нас пытанні.

Заканчэнне пэўнага перыяду, напрыклад, каляндарнага года, з’яўляецца добрай нагодай, каб усвядоміць і зразумець, што для мяне важна і ці заўсёды мае жыццёвыя прыярытэты правільныя.

Сённяшняя ўрачыстасць – той момант, каб адказаць самому сабе, ці з’яўляецца дасягненне Божага Валадарства маім прыярытэтам і ці выбіраю я ўжо цяпер Езуса Хрыста сваім Валадаром, дазваляючы Яму весці мяне праз жыццё.

Гэтыя справы сапраўды вельмі важныя, і нам нельга проста не звярнуць на іх увагі.

Так ужо склалася, што ўрачыстасць Хрыста Валадара ў нашым мясцовым Касцёле з’яўляецца семінарыйнай нядзеляй, калі наш позірк скіроўваецца на Гродна, дзе знаходзіцца Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя.

Апостальская адгартацыя св. Яна Паўла ІІ Pastores dabo vobis гаворыць, што семінарыя ствараецца для таго, каб дапамагчы тым, хто чуе голас святарскага паклікання, адчуць тое, што Хрыстус перадаў сваім вучням, – і ў першую чаргу гэта адносіны паміж вучнямі і Збаўцам (пар. PDV 60).

У семінарыі, як у касцёльнай супольнасці, тыя, хто ідзе за голасам Езуса, сутыкаюцца з асноўным вопытам жыцця Касцёла. Гэта значыць, што ў семінарыйным жыцці ў пэўным сэнсе змяшчаецца жыццё ўсяго Касцёла (пар. PDV 60). Аднак можна дадаць, што жыццё мясцовага Касцёла не будзе поўным, калі не будзе людзей, якія прымуць заклік Хрыста і задачу абвяшчаць Евангелле і быць пастырам для тых, хто ідзе шляхам збаўлення і хто гэты шлях шукае.

Сёння ў чарговы раз варта прыпомніць, што святарскае пакліканне – Божы дар, дадзены не толькі канкрэтнай асобе, але і ўсяму Касцёлу. І задача ўсяго Касцёла –аберагаць, цаніць і любіць гэты дар. Адказнасць за нараджэнне, распазнанне і станаўленне святарскіх пакліканняў нясе не толькі невялікая група людзей – яе нясе ўвесь Касцёл. Яе нясе кожны, хто лічыць сябе часткай Хрыстовага Касцёла, кожны з нас. Таму мы кажам, што супольнасць Касцёла – гэта супольнасць, дзе трэба стварыць і ўвесь час актуалізаваць умовы для распазнання і развіцця святарскіх пакліканняў (пар. Прынцыпы фармацыі святароў на Беларусі, 25).

Гэты каляндарны год з’яўляецца вымоўным для нашай духоўнай семінарыі. 35 гадоў таму, 28 жніўня 1990 г., у дзень літургічнага ўспаміну св. Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, тагачасны Апостальскі адміністратар для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, заснаваў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. І вось на працягу 35 гадоў гродзенская семінарыя з’яўляецца сэрцам мясцовага Касцёла, а цяпер нават больш – сэрцам Касцёла ў Беларусі, выконваючы задачу і місію падрыхтоўкі і фармацыі будучых святароў. Нашая семінарыя – дом для многіх прэзбітэраў і біскупаў, якіх тут праходзілі сваю фармацыю і рабілі першыя крокі ў глыбейшым распазнаванні свайго паклікання.

Сёння мы хочам дзяліцца гэтай радасцю ад існавання і дзейнасці нашай Alma Mater, Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, з вамі, дарагія браты і сёстры, падкрэсліваючы асаблівым чынам таксама ваш духоўны і матэрыяльны ўклад у яе існаванне.

Гэта наша агульная справа, якая таксама можа працягвацца і рэалізоўвацца далей дзякуючы вашай дапамозе і адказнасці за ўвесь паўсюдны Касцёл, а асаблівым чынам за супольнасць Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне.

Сёння Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне з’яўляецца месцам, дзе актыўна ідзе працэс фармацыі і падрыхтоўкі будучых святароў, якія ў бліжэйшай будучыні стануць нашымі пастырамі і будуць весці нас да збаўлення, да Божага Валадарства. З кожным годам мы імкнёмся зрабіць гэты працэс падрыхтоўкі ва ўсіх яго вымярэннях як мага лепшым, каб будучыя святары былі падрыхтаваныя да ўсіх выклікаў сучаснасці, з якімі сутыкаецца паўсюдны Касцёл і кожны з нас асабіста.

Сёлета ў верасні мы распачалі 36-ы навучальны год. І мы вельмі ўдзячныя Богу за гэта. У гэтым годзе адзінаццаць маладых людзей, якія адчулі ў сваіх сэрцах голас паклікання, распачалі фармацыю ў нашай Alma Mater. Касцёл глядзіць на іх з надзеяй і радасцю. На сённяшні дзень ў нашай семінарыі навучаюцца на ўсіх курсах 44 студэнты з усіх беларускіх дыяцэзій, што, ізноў жа, з’яўляецца пацвярджэннем таго факту, што гродзенская семінарыя – сэрца Касцёла ў Беларусі.

Умілаваныя браты і сёстры!

Карыстаючыся нагодай, сёння хочам асаблівым чынам прасіць вас аб малітве ў інтэнцыі новых пакліканняў – каб Добры Пастыр Езус Хрыстус пасылаў нам пастыраў на свой узор, верных, чулых, адданых і святых; пастыраў, якія ўласным прыкладам будуць паказваць вартасць жыцця, згоднага з Божымі запаведзямі і ў прыватнасці з запаведдзю любові. Прашу вас аб малітве ў інтэнцыі студэнтаў нашай Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне, каб, не зважаючы на розныя цяжкасці і перашкоды, яны вытрывалі ў сваім пакліканні і ў будучыні былі вернымі і святымі святарамі, якія дапамогуць нам на шляху да збаўлення і да Божага Валадарства.

З просьбай аб малітве таксама звяртаем да вас, дарагія вернікі, словы ўдзячнасці за матэрыяльную падтрымку і дапамогу, якую вы аказваеце нашай семінарыі.

Дзякуючы вашай дапамозе мы можам выконваць задачу і місію падрыхтоўкі будучых святароў. Наша семінарыя ўтрымліваецца выключна дзякуючы вашай падтрымцы і дапамозе, дапамозе і ахвярнасці людзей добрай волі. Будзьце ўпэўнены, што мы молімся ў інтэнцыі кожнага з вас, давяраючы Добраму Богу ўсе вашыя штодзённыя справы, задачы і абавязкі.

Няхай Добры Бог кожнаму аддзячыць і кожнага благаславіць.

Карыстаючыся нагодай, сёння, калі ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца 40-ы Сусветны дзень моладзі, звяртаемся да маладых людзей, юнакоў і дзяўчат. Прыгадаем словы Святога Айца Льва XIV, у якіх Пантыфік заахвочвае вас, маладыя сябры, “адкрываць нанова сваю місію вучняў і сведкаў Езуса Хрыста”, а разам з тым прыпамінае, што хрысціянскае сведчанне з’яўляецца плёнам сяброўства з Езусам. І, можа, менавіта цябе Езус запрашае да больш блізкага сяброўства з Ім, магчыма, хочучы, каб праз святарскае альбо манаскае жыццё ці нават праз місіянерскае служэнне тваё сведчанне стала яшчэ большым. Паверце, што сяброўства з Хрыстом Валадаром не засноўваецца на адносінах “Пан – слуга”, а што гэта сапраўднае сяброўства, якое варта адкрываць і ў якое варта ўкладвацца. Дарагія маладыя сябры, не бойцеся пытацца ў Езуса адносна Яго планаў на вашую будучыню, а знайшоўшы адказы, дазвольце Яму весці вас.

Давяраем Божаму Провіду справу пакліканняў і асабліва нашу Міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю ў Гродне.

З малітоўнай памяццю,

рэктар кс. Ян Раманоўскі разам з супольнасцю семінарыі

Тэкст Ліста для друку ТУТ>>>

Тэкст Ліста па-польску ТУТ>>>