Skip to main content

Літургія Паcхальнай вігіліі адбылася ў гродзенскай катэдры

wigilia pasha 53Вечарам у Вялікую суботу, 20 красавіка, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая літургія Пасхальнай вігіліі. Узначаліў яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Багатая літургія Пасхальнай вігіліі, якая з’яўляецца цэнтральным фрагментам Пасхальнага Трыдууму, складалася з чатырох частак: літургіі Святла, літургіі слова, літургіі хросту і Эўхарыстычнай літургіі.

Гэта найпрыгажэйшая і найбольш сімвалічная каталіцкая літургія. Яна нагадвае пра гісторыю збаўлення і яе найважнейшыя элементы, пачынаючы ад стварэння свету, праз вывядзенне габрэяў з Егіпта і да ўваскрасення Хрыста.

Літургія Пасхальнай вігіліі пачалася перад касцёлам, дзе біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў агонь. Ад гэтага агню быў запалены пасхал – сімвал Хрыста Уваскрослага, – які затым урачыста ўнеслі ў святыню.

wigilia pasha 43

Іерарх благаславіў хрысцільную ваду, а ўдзельнікі літургіі аднавілі абяцанні хросту: вызналі сваю веру і выракліся шатана.

Вянцом Пасхальнай вігіліі была Эўхарыстычная літургія разам са святой Камуніяй, якая завяршылася ўрачыстым благаслаўленнем і словамі рассылання, узбагачанымі двухразовым радасным “Аллелюя”.

На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў усім прысутным глыбокага спазнання незвычайнай блізкасці Пана і Яго бясконцай любові. Іерарх пажадаў таксама, каб “пасланне надзеі, якое Уваскрослы Збаўца нясе ўсяму чалавецтву, апраменьвала кожны дзень жыцця святлом Божай праўды”.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Томаш Мікалайчык