Skip to main content

20-годдзе будаўніцтва касцёла адзначылі ў Доцішках

dociszki j 4630 снежня, у свята Святой Сям’і, вернікі парафіі Божай Міласэрнасці ў Доцішках (Радунскі дэканат) дзякавалі Богу за 20 гадоў з часу будаўніцтва сваёй святыні.

Урачыстасць, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабрала шматлікіх парафіян і гасцей, якія прыбылі, каб праспяваць гімн удзячнасці за свой касцёл. Роўна 20 гадоў таму – 24 снежня 1998 г. – у новазбудаванай святыні цэлебравалася першая святая Імша. З таго часу касцёл служыць вернікам як месца сустрэчы з Богам на малітве і атрымання святых сакрамэнтаў.

Таму на ўрачыстасці сабраліся таксама тыя вернікі, якія ў гэтай святыні першымі прынялі сакрамэнт хросту ці заключылі сакрамэнтальны сужэнскі саюз.

Усіх прысутных прывітаў пробашч кс. Аляксандр Адамовіч. Святар адзначыў, што гэты дзень з’яўляецца таксама днём асаблівай малітвы за ўсіх тых, хто паспрыяў паўстанню ў Доцішках парафіі і будаўніцтву касцёла.

Тэрыторыя сённяшняй доцішскай парафіі з незапамятных часоў належала да парафіі Унебаўшэсця Пана ў Эйшышках (Літва). Пасля распаду СССР і ўтварэння новых суверэнных дзяржаў мяжа падзяліла тэрыторыю парафіі – Доцішкі засталіся без касцёла.

Каталіцкая супольнасць збіралася ў прыватным доме, дзе была зроблена капліца, якой апекаваліся святары з Эйшышак. Але людзі хацелі мець свой уласны касцёл, таму ў 1996 г. тут была ўтворана новая парафія і ўжо 31 мая таго года адбылося асвячэнне пляцу пад будаўніцтва святыні.

Будаўніцтва, на якое асноўныя сродкі ахвяраваў мясцовы калгас “За Радзіму” пад кіраўніцтвам старшыні Францішка Казлоўскага, падышло да заканчэння ў 1998 г. Пры актыўным удзеле парафіян у будаўніцтве святыні асаблівы высілак прыклала сям’я Казлоўскіх. Святыня была ўрачыста асвячана ў 2002 г.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу з інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці. У гаміліі іерарх адзначыў, што ў літургіі ў гэты дзень прыпадае свята Святой Сям’і, якое гарманічна ўпісваецца ў перыяд Божага Нараджэння.

dociszki j 37

Па словах біскупа, Сын Божы Езус Хрыстус прыйшоў у свет і ўключыўся ў ход чалавечай гісторыі менавіта ў сям’і. “Мы можам тады сцвярджаць, што сям’я ў Божай задуме з’яўляецца найлепшым месцам, найдасканалейшым “асяроддзем” узрастання і развіцця чалавека, калі нават для свайго Сына Пан Бог паклапаціўся аб сям’і”, – дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што тое, што робіць Святую Сям’ю выключнай – гэта яе незвычайнае, годнае здзіўлення і наследавання духоўнае аблічча, бо на ўсе падзеі ў сваім жыцці, на ўсе выклікі і выпрабаванні Святая Сям’я глядзела па-Божаму. “Вернае, пакорнае спаўненне Божай волі – гэта мэта і сэнс жыцця Святой сям’і, што надае кірунак усім яе намерам і дзеянням. У гэтым шуканні і спаўненні Божай волі Святая Сям’я з Назарэта знайшла сваё шчасце”, – сказаў біскуп.

Як заўважыў іерарх, няма іншага “прадпісання” на сямейнае шчасце, як толькі ставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця.

Кажучы пра 20-годдзе будаўніцтва святыні, біскуп пажадаў: “Няхай гэтая святыня будзе прыгожым сведчаннем для сённяшніх і будучых пакаленняў, што тут, у Доцішках, жывуць вызнаўцы Хрыста, католікі, якія верна трываюць у веры і традыцыях айцоў і якія разам, як адна сям’я Божых дзяцей, імкнуцца за Езусам шляхам веры і Евангелля да хвалы Валадарства Нябеснага”.

На заканчэнне літургіі парафіяне выказалі ўдзячнасць за клопат аб верніках гэтай супольнасці ў адрас біскупа Гродзенскага, святароў, якія служылі ў парафіі, – кс. каноніка Яна Пецюна, кс. Яна Залога, кс. каноніка Алега Дуля і сённяшняга пробашча кс. Аляксандра Адамовіча.

Дапаўненнем да ўрачыстасці была гістарычная прэзентацыя, якая прадставіла паўстанне і развіццё парафіі, а таксама будаўніцтва касцёла. На заканчэнне ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя буклеты і каляндар з выявай доцішскай святыні.

Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Вадзім Янушкевіч