Skip to main content

Новыя прызначэнні ў Гродзенскай дыяцэзіі: змены ў кіраўніцтве семінарыі

pryznaczenni 15

26 верасня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў прызначэнні сярод святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Іерарх прызначыў новага рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і новага пробашча ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла.

Ксёндз Ян Раманоўскі вызвалены ад абавязкаў прэфекта семінарыі ў Гродне і прызначаны яе рэктарам.

Ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі вызвалены ад абавязкаў рэктара семінарыі і прызначаны пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах і адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Анёлаў Ахоўнікаў у Анжадаве (Ашмянскі дэканат).

pryznaczenni 14

Пробашчам ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла быў кс. Ян Варанецкі, які раптоўна адышоў у вечнасць ва ўзросце 34 гадоў 12 верасня.

Біскуп падзякаваў святарам за ранейшае служэнне і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на выкананне новых адказных абавязкаў.

Ксёндз Ян Раманоўскі нарадзіўся 10 лістапада 1987 г., паходзіць з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні. Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 26 мая 2012 г. у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

З 2012 па 2015 год быў вікарыем гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа. З 2015 па 2017 год вучыўся ва ўніверсітэце ў Памплоне (Іспанія). Прэфектам семінарыі ў Гродне быў з 2017 года.

Ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі нарадзіўся 9 кастрычніка 1979 г., паходзіць з парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы. Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 29 мая 2004 г.

З 2007 па 2011 год вывучаў тэарэтычную філасофію ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча).

З 2011 года выкладаў у гродзенскай семінарыі. Быў пробашчам парафіі св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы і адміністратарам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дзембраве (Шчучынскі дэканат). Рэктарам семінарыі ў Гродне быў з 2018 года.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі