Skip to main content

Гродзенская парафія св. Піо адзначыла з удзелам біскупа Касабуцкага адпустовую ўрачыстасць

grandiczi swpio 4

23 верасня, ва ўспамін св. Піо, адзначыла адпустовую ўрачыстасць гродзенская парафія, якая носіць яго тытул.

Імшу ў межах урачыстасці цэлебраваў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Прысутнічала вялікая колькасць парафіян і гасцей, духавенства, законныя сёстры.

Сёлетняя адпустовая ўрачыстасць была адметная для парафіяльнай супольнасці тым, што святкавалася ёю ва ўласнай капліцы, на тым месцы, дзе плануюць ужо ў недалёкай будучыні распачаць будаўніцтва касцёла. Парафія была заснавана ў 2019 г., капліца пабудавана нядаўна, 31 жніўня біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч асвяціў яе.

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў пра асобу нябеснага апекуна парафіі – Піо з П’етрэльчыны, італьянскага святара. Іерарх адзначыў, што прыклад гэтага святога заахвочвае сучасных людзей да паслухмянасці Касцёлу. Таксама біскуп звярнуў увагу на тое, у чым заключаецца сутнасць духоўнага жыцця. Па яго словах, гэтая сутнасць не ў эмоцыях, а ў трываласці і вернасці Богу, Касцёлу і свайму пакліканню.

У канцы ўрачыстасці пробашч кс. Артур Малафей падзякаваў біскупу за візіт і малітву, адзначыўшы, што парафіяльная супольнасць бярэ прыклад са свайго нябеснага апекуна і імкнецца будаваць сваё жыццё на Евангеллі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі