21 верасня парафія св. Ліна ў Пелясе (Радунскі дэканат) святкавала стагоддзе свайго існавання і 90-годдзе з часу ўзвядзення парафіяльнага касцёла.
Паколькі ў гэты дзень адзначаецца літургічны ўспамін нябеснага апекуна парафіі, святкаванне юбілею супала з яе адпустовай урачыстасцю.
Святую Імшу з удзелам шматлікіх парафіян і гасцей узначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Касцёл у Пелясе быў пабудаваны ў 1935 г. па праекце віленскага архітэктара Яна Бароўскага, асвячаны ў тым жа годзе. У 1960-я гады быў зачынены і прыстасаваны пад зернясховішча, купал вежы святыні быў сцягнуты трактарамі. Парафіянам касцёл быў вернуты ў 1989 г., адноўлены, 23 верасня таго ж года арцыбіскуп Юліус Сцепанавічус асвяціў яго.
Благаслаўленне і прывітанне біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя ўдзельнікам святкавання перадаў сакратар біскупа кс. Анджэй Ганчар. У гаміліі ксёндз Анджэй звярнуў увагу на сутнасць адпустовай урачыстасці, адзначыўшы, што “гэта час, калі адкрываюцца скарбніцы Божай міласэрнасці”, “калі чалавек, прымаючы сакрамэнты, молячыся ў інтэнцыях Святога Айца і ўдзельнічаючы ў святой Імшы, можа атрымаць поўны адпуст — поўнае прабачэнне часовай кары за грахі”.
Кажучы пра юбілейныя даты, якія адзначае парафія, святар дадаў: “Мы памятаем і тых, хто ў 1935 годзе пабудаваў і асвяціў гэты касцёл. У цяжкія часы, калі святыню зачынілі, вера жыла ў сэрцах людзей, і калі ў 1989 годзе касцёл быў вернуты і адноўлены, гэта стала знакам перамогі Хрыста і сведчаннем трываласці гэтай супольнасці. Сёння мы дзякуем Богу за ўсіх, хто захоўваў веру ў гэтых мясцінах. Мы ўдзячныя тым, хто аддаваў касцёлу свае сілы, сродкі і час”.
“Тут, на берагах ракі Пеляса, ад назвы якой паходзіць назва паселішча, жылі людзі розных народаў і культур, – заўважыў святар. – Тут перапляліся лёсы беларускія і літоўскія, шляхецкія і сялянскія, радасныя і трагічныя. Тут памятаюць і войны, і акупацыі, і цяжкія часы бязбожнасці, але таксама і адраджэнне, і аднаўленне святыні, і новае жыццё парафіі. Гэтая гісторыя сведчыць: Бог быў з вамі, Бог ёсць з вамі і Бог будзе з вамі.
Гэты юбілей — нагода ўспомніць мінулае з падзякай, перажываць сучаснасць з надзеяй і паглядзець у будучыню з адказнасцю. Бо парафія жыве тады, калі кожнае пакаленне прымае сваю частку адказнасці: захоўваць веру, падтрымліваць касцёл, перадаваць Евангелле”.
“Сённяшняя адпустовая ўрачыстасць і юбілей — гэта наш адказ Богу”, – адзначыў ксёндз Анджэй. Па яго словах, гэты адказ заключаецца ў падзяцы: “за тое, што на гэтай зямлі стаіць касцёл, за пробашча, які моліцца і служыць, за парафіян”; акрамя таго, у абнаўленні: “адпуст — гэта ласка пачаць нанова”; таксама ў сведчанні: “парафія жыве тады, калі кожны становіцца сведкам Евангелля ў сям’і, на працы, у школе, у грамадстве; свету патрэбныя людзі сумленныя і справядлівыя, здольныя любіць і дараваць”; і нарэшце — у новых пакліканнях: “нам патрэбныя новыя святары, манахі і місіянеры, якія мусяць выйсці з нашых сем’яў, з нашай дыяцэзіі, з гэтай зямлі”.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у канцы літургіі выказаў мясцовым вернікам падзяку за клопат аб сваім касцёле і за намаганні, прыкладзеныя да таго, каб аднавіць яго.
Таксама іерарх падзякаваў за служэнне ў парафіі яе пробашчу кс. Лявону Ладышу. Біскуп заклікаў парафіяльную супольнасць прабываць у веры і клапаціцца аб сваёй святыні, атрыманай у спадчыну ад мінулых пакаленняў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі