Перад Новым годам у ціхай сямейнай атмасферы сустракаюць святы Божага Нараджэння. Па традыцыі, якая склалася за стагоддзі, католікі адзначаюць Нараджэнне Пана, дзелячыся з блізкімі аплаткай і наведваючы святыню, каб усеагульная радасць ад адчування свята перадавалася кожнаму з вернікаў.
Божае Нараджэнне не параўнальнае па важнасці і значнасці, па глыбіні зместу з іншымі святамі. Менавіта ў гэтае свята сэрцы напаўняе ціхая радасць ад падзеі, якая адбылася многія стагоддзі таму, – нараджэння Збаўцы, які прыйшоў на зямлю, каб памерці і ўваскрэснуць дзеля збаўлення ўсіх.
Вернікі парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках (Шчучынскі дэканат) – дзеці і дарослыя – мелі менавіта такую магчымасць духоўна падрыхтавацца да святаў Нараджэння Пана. На працягу Адвэнту яны штодзённа прымалі ўдзел у раратняй Імшы. Прыходзіла таксама вельмі шмат самых маленькіх дзяцей. Яны ўрачыста, з прыгожымі ліхтарыкамі, ішлі насустрач нараджэнню Хрыста.
Дзеці прыходзілі з велізарным жаданнем, самых малодшых прыводзілі бацькі, бабулі і дзядулі, старэйшыя браты і сёстры. Камусьці з дзяцей дадому кожны дзень адпраўляліся тры фігурыкі Маці Божай, чаму яны вельмі радаваліся. Таксама яны атрымлівалі званочкі, а на наступны дзень ішлі на раратнюю Імшу і званілі ў іх, гэтым абвяшчаючы людзям аб набліжэнні нараджэння нашага Збаўцы Езуса і заахвочваючы да ўдзелу ў гэтых набажэнствах.
Акрамя таго, у парафіі адбыўся конкурс на лепшую батлейку, зробленую ўласнаручна. У ім прыняла ўдзел вялікая колькасць сем’яў. Батлейкі былі настолькі прыгожымі, зробленымі з душой, што пераможца так і не быў вызначаны – усе занялі першае месца. Ніхто з дзяцей і нават з дарослых не застаўся без падарунка на Божае Нараджэнне.
Кульмінацыяй было касцюміраванае выступленне дзяцей у ноч Нараджэння Пана.
Арганізатарамі ўсяго былі ў парафіі пробашч кс. Станіслаў Пытэль і законныя сёстры, якія служаць у ёй. “Дзякуй вам за вашу працу, добрае сэрца, увагу да нас і нашых дзяцей! Жадаем вам Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай, здароўя і сіл на доўгія гады”, – з удзячнасцю звяртаюцца вернікі да духоўных асобаў парафіі.
JM