Skip to main content

Слова арцыбіскупа Станеўскага на свята святога Міхала Арханёла, святых Габрыэля і Рафала, арханёлаў

2025 09 22 s michael a

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

29 верасня ў Каталіцкім Касцёле мы адзначаем свята арханёла Міхала — апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла, а таксама святых арханёлаў Габрыэля і Рафала.

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла гаворыцца пра створаныя Богам духоўныя істоты, якіх Святое Пісанне называе анёламі, і гэта з'яўляецца праўдай нашай веры (ККК, 328). Будучы чыста духоўнымі стварэннямі, анёлы валодаюць розумам і свабоднаю воляй, хоць не маюць цела. Але сваёю дасканаласцю яны пераўзыходзяць усё бачнае стварэнне (ККК, 330). Анёл у перакладзе з грэчаскай мовы азначае пасланнік. Святы Аўгустын кажа пра іх: «“Анёл” азначае служэнне, а не прыроду. Па прыродзе анёл з'яўляецца духам, а па сваім служэнні — гэта анёл. Усёю сваёю істотаю анёлы — гэта слугі і Божыя вестуны. Анёлы «у нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца нябеснага» (пар. Мц 18, 10), таму яны — «моцныя сілаю, бо выконваюць слова Ягонае» (пар. Пс 103).

Мае дарагія! Безумоўна, цэнтрам анёльскага свету з’яўляецца Хрыстус. Гэта Яго анёлы. Ад Уцелаўлення да Унебаўшэсця жыццё Хрыста, уцелаўлёнага Слова, акружана пакланеннем і служэннем анёлаў. Бог, калі «ўводзіць Першароднага ў сусвет, кажа: „Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя”» (Гбр 1, 6). Іх хвалебная песня пры Нараджэнні Хрыста нястомна гучыць у праслаўленні «Хвала на вышынях Богу...» (Лк 2, 14). Яны ахоўваюць жыццё Дзіцяткі Езуса, служаць Хрысту ў пустыні, суцяшаюць Яго ў змаганні ў Аліўным Садзе... І зноў-такі анёлы абвяшчаюць «вялікую радасць Уцелаўлення Бога і Уваскрасення Хрыста. Яны будуць прысутнічаць і пры вяртанні Хрыста, якое яны абвяшчаюць, яны будуць служыць на Ягоным судзе» (333- 559).

Трэба сказаць, што ўсё жыццё Касцёла пранізана таямнічай і магутнай дапамогай анёлаў. У Божай літургіі Касцёл яднаецца з анёламі, каб праслаўляць Трыадзінага Бога, і просіць у іх дапамогі. Жыццё чалавека ад яго нараджэння да смерці акружана нябачнай аховай і заступніцтвам анёлаў. «Кожны вернік мае каля сябе анёла як ахоўніка і пастыра, каб весці яго ў жыцці», — напісана ў Катэхізісе. Там жа паведамляецца, што ўжо нават падчас нашай зямной пілігрымкі, калі мы стараемся весці хрысціянскае жыццё ў веры, удзельнічаем у благаслаўлёнай супольнасці анёлаў і людзей, паяднаных у Богу (336-1020).

Святы Арханёл Міхал пасля Бога і Багародзіцы з’яўляецца самаю магутнаю істотаю ў сусвеце. Ён валадарыць прасторамі нябёсаў, праводзіць душы ў вечнасць, перамагае дэманаў, судзіць на Апошнім судзе, апякуецца Касцёлам на зямлі. Імя Міхал азначае: хто ж як Бог! Святы Алаізій Ганзага пісаў, што святы Міхал «атрымаў такое ганаровае імя (...), таму што падчас бунту ганарыстага Люцыфера (...) ён, як магутны арханёл, не мог знесці такой страшнай абразы свайго Пана і, палымнеючы найгарачэйшай адданасцю Усемагутнаму, усклікнуў: «Хто ж як Бог!?» (...). Гэтымі словамі ён хацеў падкрэсліць, што ва ўсім небе і ў сусвеце няма нікога, хто мог бы параўнацца з Богам».

У Евангеллі гаворыцца яшчэ пра аднаго Арханёла — Габрыэля, імя якога азначае «Божы муж», які прадказаў святару Захарыі нараджэнне сына — Яна Хрысціцеля, а Найсвяцейшай Панне Марыі абвясціў, што Яна — Абранніца Найвышэйшага і неўзабаве стане Маці Збаўцы чалавецтва. Трэці Арханёл — Рафал. Яго імя азначае «Бог лечыць» і згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія, якога ён, дарэчы, вылечыў. Арханёл Рафал ахоўвае людзей ад хваробаў і духоўных і цялесных ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе, падтрымлівае нас на шляху да шчаслівай вечнасці.

Згодна са сведчаннем прарока Даніэля, святога Яна Евангеліста і іншых, святы арханёл Міхал з’яўляецца князем ўсіх анёльскіх войскаў на нябёсах, а на зямлі ён —вялікі князь Божага народа і апякун святога Касцёла. Яго называюць арханёлам не таму, што ён належыць да шэрагу арханёлаў, а таму, што як князь усіх анёлаў ён валодае якасцямі, якія пераўзыходзяць усе анёльскія хоры разам узятыя, і гэта вынікае з высокай місіі, якою Бог адарыў яго.

З самых ранніх часоў хрысціянства вядома цудоўная дапамога, якую Арханёл Міхал аказваў вернікам у самыя цяжкія хвіліны. Паводле легенды, ён з’явіўся на гары Гаргана ў Неапалітанскім каралеўстве. Яшчэ ў 357 годзе гадавіна гэтай падзеі ўрачыста адзначалася 8 мая. У V стагоддзі Папа Баніфацый I прысвяціў базыліку ў Рыме арханёлу Міхалу і заахвоціў вернікаў штогод 29 верасня адзначаць гадавіну яе асвячэння. З часам гэтая традыцыя распаўсюдзілася па ўсім свеце. Дарэчы, фігура арханёла Міхала, створаная, паводле аб’яўленняў, у гроце гары Гаргана, добра вядома беларускім католікам, бо 29 верасня 2018 года, у свята святых арханёлаў, распачалася перэгрынацыя копіі гэтай фігуры па парафіях Беларусі. Фігура арханёла была прывезена з Італіі, з самага знакамітага месца аб’яўленняў святога арханёла Міхала. Фігура з Гаргана, прывезеная ў Мінск, разам з вернікамі ў 2018 годзе прайшла вуліцамі нашай сталіцы падчас працэсіі Божага Цела, а таксама наведала санктуарый Маці Божай Будслаўскай і шматлікія парафіі Касцёла на Беларусі з малітвай аб благаслаўленні і ласцы спакою для нашай Радзімы.

Мае дарагія. Вядома, што Арханёл Міхал у цяжкія для Касцёла часы аб’яўляўся выбраным людзям, у выніку чаго ўзнікалі новыя рухі, новыя формы малітваў. Напрыклад, падчас аб’яўлення партугальскай законніцы кармэлітцы Антаніне д’Астанк ён даручыў скласці «Вяночак праслаўлення Бога разам са святым арханёлам Міхалам і хорамі анёлаў», а папа Пій ІХ удзяліў спецыяльныя адпусты тым, хто маліўся гэтым «Вяночкам». Папа Леў ХІІІ меў таксама аб’яўленне, пасля якога напісаў знакамітую малітву да святога арханёла Міхала і заахвоціў, каб яна чыталася пасля кожнай святой Імшы. Святы Ян Павел ІІ, наведваючы ў 1987 годзе санктуарый Святога Міхала ў Гаргана, падкрэсліў, што «духоўная барацьба супраць злога духа, якую распачаў калісьці святы Арханёл Міхал, працягваецца таксама і сёння» (Гаргана, 24.05.1987 г.).

Папа Бэнэдыкт ХVІ распарадзіўся ўстанавіць ў Ватыканскім садзе фігуру Арханёла Міхала. Гэтую фігуру ў 2013 годзе асвяціў Папа Францішак, які сказаў, што «Міхал абараняе першынство Бога. Ён змагаецца за вяртанне Боскай справядлівасці; бароніць Божы народ. Бог мацнейшы; Яму належыць перамога, і Яго збаўленне дадзена кожнаму чалавеку».

Мае дарагія! Мэта нашай зямной пілігрымкі — дасягнуць святасці, каб вечна прабываць з Богам. Сапраўды, у гэтай пілігрымцы мы не адны, бо нас нястомна падтрымліваюць дапамогай, малітвай і абаронай анёлы, якіх Бог дае нам у якасці спадарожнікаў. Мы зможам падзякаваць ім за іх цярплівае крочанне побач з намі, калі літаральна праз тры дні, 2 кастрычніка, будзем адзначаць успамін святых Анёлаў Ахоўнікаў. Не забывайма дзякаваць ім, супрацоўнічаць з імі, маліцца да Анёла Ахоўніка, да Арханёлаў, раіцца з імі ў розных жыццёвых сітуацыях, заклікаць іх на дапамогу, прасіць аб заступніцтве ў цяжкасцях і нягодах. Не забываймася, асабліва бацькі, навучыць сваіх дзетак прыгожай малітве «Анёле Божы, дружа мой, ты заўсёды будзь са мной...»

Любыя браты і сёстры, будзем жа прасіць Пана Бога, каб Ён дапамог нам наследаваць святых арханёлаў. Каб так, як святы Міхал, мы клапаціліся пра тое, каб Бог быў у нашым жыцці на першым месцы; каб так, як святы Габрыэль, мы неслі іншым радасную вестку і сведчанне пра дзеянне Бога ў нашым жыцці; а таксама каб так, як святы арханёл Рафал, дапамагалі іншым адчуць Божае аздараўленне душы і цела праз нашу канкрэтную дапамогу патрабуючым.

І не забываймася маліцца кароткай малітвай-экзарцызмам, якую склаў і заахвочваў чытаць кожны дзень папа Леў ХІІІ:

«Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусаў і пастак злога духа. Пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце».

Браты і сёстры. Кожны з нас ведае, што «галоўная барацьба — гэта барацьба за збаўленне», — казаў кардынал Казімір Свёнтэк. Таму просім арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала — прыносьце нам Добрую Навіну аб збаўленні, вядзіце нас і дапамажыце нам у дарозе, каб мы не памыліліся шляхам, каб не стаялі на месцы, каб заўсёды ішлі наперад з вашай дапамогай.

«Хто ж як Бог!» Благаслаўленне Усемагутнага Бога:  Айца, Сына і Духа Святога няхай прабывае і застаецца з вамі. Амэн.

Паводле Catholic.by