Skip to main content

Пасхальная вігілія і Велікодная нядзеля

Літургія Пасхальнай вігіліі належыць ужо да нядзелі Змёртвыхпаўстання і з’яўляецца найважнейшай цэлебрацыяй літургічнага года. Усе абрады Пасхальнай вігіліі адбываюцца ноччу, з суботы на нядзелю.
Літургія святла.
Перад касцёлам святар асвячае агонь, ад якога запальваецца пасхал – сімвал Хрыста. Потым ксёндз уносіць запалены пасхал у святыню. Вернікі запальваюць ад яго полымя свае свечкі.
Літургія слова.
У гэты дзень прадугледжана дзевяць біблейскіх чытанняў: сем старазапаветных, эпістола і Евангелле, якія пераплятаюцца рэспансарыйнымі псальмамі і малітвамі. Пасля апошняга чытання са Старога Запавета і малітвы святар пачынае спяваць гімн “Хвала на вышынях”, падчас якога б’юць ва ўсе званы. Пасля ўрачыстага гімна цэлебрант гаворыць калекту. Потым лектар зачытвае эпістолу, а пазней спяваюць урачыстае “Аллелюя” і рэспансарыйны псальм. Потым святар чытае Евангелле і абвяшчае гамілію.
Літургія хросту.
Пасля гаміліі наступае літургія хросту, падчас якой спяваецца Літанія да Усіх Святых. Потым цэлебрант блаславіць ваду для хросту, тройчы акунаючы ў ёй пасхал. Затым, калі існуе такі звычай, удзяляе хрост катэхумэнам хрост і бежмаванне моладзі.
Літургія Эўхарыстыі.
Яе парадак падобны да Эўхарыстычных літургій іншых нядзеляў. Цырымонію заканчвае ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якая з’яўляецца радасным абвяшчэннем Змёртвыхпаўстання Хрыста і заклікам да ўсяго стварэння ўдзельнічаць у трыумфе Змёртвыхпаўсталага.
На Пасхальную вігілію вернікам трэба прынесці ў касцёл свечкі.
У некаторых касцёлах працэсія адбываецца не пасля Пасхальнай вігіліі, а ў нядзелю перад першай св. ранішняй Імшой, т. зв. Рэзурэкцыяй. Яна пачынаецца ля Гроба Панскага, дзе святар спевам абвяшчае Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Пасля вяртання ў касцёл спяваецца гімн “Хвала на вышынях”. Пасля ўдзялення вернікам св. Камуніі спяваецца ўрачысты гімн “Te Deum” (“Цябе, Бога, праслаўляем”).
Ад гэтай нядзелі крыж ля алтара аздоблены чырвонай стулай.