Skip to main content

550-годдзе парафіі, 200-годдзе касцёла, 100-годдзе вяртання святыні католікам адзначылі ў Астраўцы

astravec kaszkevicz bp 2330 верасня ў Астраўцы святкавалі юбілеі 550-годдзя ўтварэння парафіі, 200-годдзя святыні, 100-годдзя вяртання католікам касцёла святых Космы і Дам’яна.

Урачыстасці працягваліся ў парафіі ўвесь дзень. У праграме былі святыя Імшы, малітва за пажылых і хворых, дзяцей і моладзь, сем’і, працаўнікоў службы аховы здароўя, урачоў і фармацэўтаў, чыімі апекунамі з’яўляюцца святыя Косма і Дам’ян, а таксама канцэрты і феерверкі.

У 1458 г. у Астраўцы была заснавана каталіцкая парафія. Парафіяльная святыня, якая ў сваёй гісторыі перажывала розныя падзеі і нейкі час належала праваслаўным, сёння захапляе сваёй прыгажосцю. У 2016 г. Пастановай Савета Міністраў РБ касцёлу нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі рэлігійнага значэння.

Дзякаваць за ўчора, адкрывацца на сёння

Урачыстую юбілейную Імшу за дар парафіяльнай супольнасці і святыні ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У літургіі ўдзельнічалі таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Прысутнічала вялікая колькасць святароў, прадстаўнікі раённай улады, вернікі, госці.

Усіх прывіталі прадстаўнікі парафіі і пробашч кс. канонік Юзаф Багдзевіч.

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што “не было б гэтай падзеі, калі б не прысвячэнне чалавечых сэрцаў, сэрцаў вашых бацькоў, якія слухалі Божае слова і сустракалі Хрыста ў сакрамэнтах Касцёла”.

astravec kaszkevicz bp 24

“Калі мы ўсведамляем багацце мінулага, усё дабро, спадкаемцамі якога сталі, то калені самі згінаюцца, каб укленчыць, а сэрцы спяваюць “Цябе, Божа, праслаўляем” за вялікія справы, здзейсненыя ўчора, якія адкрываюць нас на сёння”, – сказаў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што прысутнасць тут у гэты юбілей столькіх вернікаў і малітоўная сустрэча дазваляюць дакрануцца і зачэрпнуць гэтай “чароўнай Божай і астравецкай цішыні”. “Мы можам у гэтай святыні і ў гэтым месцы адчуць моц Духа. Мы можам перажыць гэтую атмасферу супакою, якая спрыяе сустрэчы з Богам, спрыяе магчымасці адкрыцця на Бога і на чалавека”, – дадаў іерарх.

Будаваць святыню ў душах наступнага пакалення

Падчас Эўхарыстыі адбылася ружанцовая працэсія з дарамі, у якой удзельнічалі прадстаўнікі розных арганізацый і навучальных устаноў Астравеччыны. Працаўнікі электрасетак, настаўнікі і дзеці, медыкі і фармацэўты, сужэнцы, якія адзначаюць юбілей свайго шлюбу, прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельскай гаспадаркі, бацькі астравецкіх святароў дзякавалі за юбілей парафіі, за апеку і заступніцтва святых Космы і Дам’яна, за жыццё і дзівосную гісторыю свайго касцёла, просячы аб шчодрасці Божых ласкаў на кожны дзень будучыні.

astravec kaszkevicz bp 34

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, пасля чаго парафіяне выказалі ўдзячнасць за гэтую цудоўную і гістарычную для іх і Астраўца святыню.

“Будзем старацца, як і 550 гадоў таму, каб наш касцёл квітнеў і развіваўся. Будзем любіць Бога і ўмацоўвацца духоўна. Спадзяёмся, што з Яго дапамогай збудуем святыню і ў душах наступнага пакалення”, – адзначыў Юзаф Грамбоўскі, прадстаўнік парафіяльнай супольнасці.

Mенавіта такое пасланне і пажаданне пакінуў вернікам гэтай супольнасці таксама біскуп Аляксандр Кашкевіч. Дзякуючы за клопат аб касцёле асабліва пробашчу, сёстрам законным і ўсім вернікам, іерарх пажадаў далей будаваць жывы Касцёл і сваім штодзённым жыццём, заснаваным на Евангеллі Езуса Хрыста, запісваць чарговыя прыгожыя раздзелы ў гісторыю астравецкай парафіі і ўсёй Астравеччыны.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Віталій Спірыдон