5 жніўня ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя прайшла адпустовая святая Імша з нагоды гадавіны каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай.
На пачатку Эўхарыстыі пад гукі аркестру адбылося адкрыццё і благаслаўленне адноўленага бакавога алтара Маці Божай Ружанцовай. Гэта адзін з найстарэйшых алтароў у гродзенскай катэдры. Яго зрабіў у 1709 г. Крыштоф Пёўхер з Круляўца. Алтар аднаўлялі на працягу апошніх двух гадоў. Благаслаўленне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі біскуп адзначыў, што радасць гэтай адпустовай падзеі, звязанай са славутым ласкамі абразом Маці Божай Кангрэгацкай, павялічваецца адкрыццём прыгожага адноўленага алтара.
“Як удзельнікі гэтай гістарычнай падзеі мы дзякуем сёння ўсім, хто паспрыяў здзяйсненню такой вялікай справы”, – сказаў іерарх.
Біскуп выказаў удзячнасць кс. каноніку Яну Кучынскаму, пробашчу катэдральнай парафіі, які ўзяўся за гэтую сур’ёзную справу, а таксама дабрадзеям, ахвярадаўцам, спонсарам і ўсім, хто падтрымаў яе нават самай сціплай ахвярай ці малітвай, цярпеннем, адрачэннем у гэтай інтэнцыі.
“Няхай Марыя ў гэтым цудоўным абразе нагадвае нам аб сіле ружанцовай малітвы”, – дадаў іерарх, падкрэсліўшы, што малітва на ружанцы “вядзе нас простым шляхам да Хрыста, дапамагае лепш зразумець і прыняць у сэрца праўды Евангелля, вучыць нас жыць штодзень разважаннем над Божым словам”.
Як і кожны год, адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, не абыйшлася без своеасаблівага цуду, здзейсненага Паннай Марыяй Кангрэгацкай. Гэтым разам гэта было нараджэнне доўгачаканага дзіцяці. Як адзначыў кс. канонік Ян Кучынскі, стала традыцыяй, калі напярэдадні свята прыходзяць вернікі і распавядаюць аб цудах.
Напрыканцы склалі падзяку ўсім ахвярадаўцам, сярод якіх былі две дзяўчынкі, якія ахвяравалі падараваныя ім грошы на аднаўленне алтара Маці Божай Ружанцовай. Таксама падзякавалі рэстаўратарам Мікалаю і Багдане Лёля і іх дзецям за вялікую працу пры аднаўленні чарговага алтара ў касцёле.
Вольга Сяліцкая