З 26 па 30 лiпеня рекалекцыйны дом у Оршы ператварыўся у "Бэтанiю". Бэтанiя – гэта вёска пад Іерусалiмам, якая ўзгадваецца у Евангеллі - там жыў Лазар з сёстрамi Марыяй i Мартай. Езус любiў бываць у iх доме. Гэтае месца было напоўнена словамi Хрыста, Яго навукай, Яго прысутнасцю, а таксама сяброўствам, блiзкiмi адносiнамi, размовамi, узаемадапамогай. Гэта месца адпачынку з Богам – Крынiцай, якая дае жыццё.
Кожны дзень удзельнікі разважалi над адной тэмай, прапанаванай на канферэнцыi, i адным урыўкам са Святога Пiсання. Вядучы духоўных практыкаванняў а. Аляксадр Жарнасек МІС накiроуваў, а кожны прысутны ў асабiстай малiтве разважаў над дадзенай тэмай з Богам. Шмат часу было прызначана для iндывiдуальнай малiтвы. Рекалекцыянiст асаблiвую ўвагу звярнуу на тое, што ў справе богашукання, важным i прыарытэтным з’яўляецца задаванне пытанняў, а не зацыкленнае шуканне "Божага рупару".
Кожны меў магчымасць знайсцi час i цiхае месца для малiтвы, у якiм можна было вызваліцца ад непатрэбнага перад Богам, фармулiраваць пытаннi i шукаць адказы разам з Iм. Гэтая пазiцыя дапамагае вучням Хрыста выпрацоўваць звычку раiцца з Богам, старацца адчуць Божы характар у тым, з чым сутыкаемся, што плянуем, што распачынаем. Такiм чынам, хрысцiянiн дазваляе Божаму Духу кiраваць сабой, ажыўляць сябе і жыць у сабе: "Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос" (Пасланне да Галатаў 2,20).
Мiж iншым, прысутныя разважалі над такімі пытаннямі, як: бацькоўскi абавязак, адносiны памiж бацькамi i дзецьмi, цi з’яўляюся я тым, хто нясе мiр, i як я разумею словы Хрыста скiраваныя да мяне "Я пасылаю вас як авечак памiж ваўкоў" (Мц 10,16).
Абмяркоўваючы тэму сям’i, удзельнiкi разважалi над вершамi Пiсання Ев. Марка 3, 31-35 ("І прыйшлі маці мая і браты мае; бо хто будзе выконваць волю Маю, той мне брат, і сястра, і маці"). У гэтых словах Езус скiраваў увагу сваiх вучняў на рознiцу памiж кроўнымi сямейнымi вузамi i вузамi, якiя ствараюцца памiж Iм i тымi, хто поўнiць волю Бога. Збаўца падкрэслiвае важнасць i каштоўнасць хрысцiянскай сям’i (гаворка iдзе не аб кроўнай сям’i), у якой мы можам мець блiзкiя адносiны з братамi i сёстрамi ў Хрысце, перажываць сумесны час, быць узаемаадказнымi i дапаможнымі. Такiя адносiны немагчымы ў ананiмным асяроддзi. Сям’я – гэта блiзкiя адносiны, адказнасць. Узнiкае пытанне: цi маю я такую сям’ю, якую аб’ядноўвае Хрыстос, у якой я пазнаю Бога, сустракаюся з Iм, размаўляю аб Iм са сваiмі братамi i сёстрамi?
Скончыўся час оршаўскай "Бэтаніі" i 38 удзельнiкаў раз’ехалася па сваiх гарадах: Мiнск, Барысаў, Магiлёў, Вiцебск, Гродна... Аднак веру, што распачынаецца новы час – час будавання "Бэтанii" ва ўласных дамах i сем’ях, якiх аб’ядноўвае Хрыстос.
Ірэна з Гродна