8 ліпеня ў Падароску (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі 25-годдзе асвячэння касцёла пад тытулам св. Альжбеты Венгерскай і Божай Міласэрнасці. Узначаліў урачыстасці біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На ўрачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне, а таксама госці, якія прыбылі падзякаваць за дар веры мінулых пакаленняў, што дапамаглі захаваць яе ў сэрцах людзей. Акрамя таго, яны прыбылі падзякаваць за парафіяльную святыню, якая перажыла ў сваёй гісторыі разнастайныя падзеі. Сваім спевам урачыстасць упрыгожыў гродзенскі хор "Vox Domini”.
Перад пачаткам літургіі пробашч парафіі кс. Міхал Васількевіч нагадаў прысутным гісторыю Падароска і парафіі. Святар адзначыў, што першы ўспамін пра Падароск датуецца 1522 г., калі там была заснавана святыня, фундатарамі якой былі шляхцічы Клочкі, тагачасныя валадары маёнтка.
Пробашч дадаў, што гонарам Падароска з'яўляецца тое, што там нарадзіўся, быў ахрышчаны і вырас Максімільян Рыла – член Ордэна езуітаў, прафесар філасофіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, місіянер і заснавальнік каталіцкіх школ на Блізкім Усходзе, рэктар рымскага Калегіума Кангрэгацыі прапаганды веры. У 1846 г. Папа Пій IX прызначыў яго апостальскім вікарыем Цэнтральнай Афрыкі ў Судане.
Сёння супольнасць вернікаў у Падароску невялікая, аднак людзі тут вельмі клапоцяцца аб сваёй святыні. У 1991 г. мясцовыя католікі атрымалі пад будынак святыні былое сховішча хімікатаў, бо іх касцёл быў перададзены праваслаўным. Атрыманы будынак яны ў 1993 г. прыстасавалі пад святыню, у ліпені таго ж года яна была асвечана біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам пад гістарычным тытулам св. Альжбеты і Божай Міласэрнасці.
Сёння тут прыгожа і ўтульна. А самае важнае – што вернікі маюць магчымасць сустракацца з Богам на малітве. Як адзначаюць яны самі, святыня ў жыцці мясцовых жыхароў займае найважнейшае месца. Яна для іх цэнтр падзей іх жыцця, таму там збіраецца шмат людзей на Эўхарыстыі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гэты дзень цэлебраваў Эўхарытыю ў інтэнцыю ўсёй парафіяльнай супольнасці, якую заклікаў далей трываць з Хрыстом і падтрымліваць найкаштоўнейшы скарб, якім з’яўляецца вера. Іерарх падзякаваў вернікам за іх штодзённы клопат пра матэрыяльны касцёл і за духоўны Касцёл, які яны ўтвараюць, будуючы супольнасць. Таксама ён падзякаваў душпастырам, якія служылі ў гэтай парафіі раней, і яе сённяшняму пробашчу кс. Міхалу Васількевічу.
Самі вернікі з нагоды юбілею выказалі ўдзячнасць духавенству, якое клапоціцца аб развіцці рэлігійнага жыцця ў Падароску і ўсім наваколлі. Яны прыгатавалі вялікі торт, які падчас пікніку раздзяліў для ўсіх гасцей біскуп Кашкевіч.
Культурная праграма, смажанне шашлыкоў і каўбасак працягнулі святкаванне. Гэта была сапраўдная сямейная ўрачыстасць. Пасля сустрэчы ля эўхарыстычнага стала ўсе сабраліся за іншым сталом, дзе былі разам да позняга часу.
Kс. Юрый Марціновіч