Skip to main content

Рэктар семінарыі ў Тракелях: "Мы пакліканы да любові"

konf lid1У межах сёлетніх адпустовых урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы Нашых Сем'яў у Тракелях адбылася канферэнцыя на тэму “Жыццё Марыі паводле Евангелля – прыклад нашага жыцця”. З канферэнцыяй выступіў новапрызначаны рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталій Вайцяхоўскі.

Святар адзначыў, што галоўнай думкай, якая прысутнічае на старонках Евангелля, з’яўляецца любоў. “Жыць Евангеллем – гэта жыць любоўю”, – дадаў ён, падкрэсліўшы, што заклік да рэалізацыі любові ў штодзённым жыцці вынікае менавіта з Евангелля. “Менавіта гэтую праўду адчула Марыя, носячы пад сэрцам Езуса”, – адзначыў кс. Вайцяхоўскі.

Па словах святара, Бог жадае, каб між усімі людзьмі панавала любоў, бо праз яе хоча прысутнічаць сярод людзей на зямлі. “Марыя насіла Любоў пад сэрцам і адкрыла гэтую праўду моцаю Божй ласкі, праз факт вельмі блізкага з’яднання з Богам у таямніцы пакорнага служэння”, – дадаў рэктар. Святар заўважыў, што так здзейсніўся пэўны цуд: Тая, якая не чула Евангелля, сваім штодзённым жыццём здолела яго дасканала рэалізаваць.

konf lid2

Падчас канферэнцыі прысутныя вернікі былі закліканы адкрыць для сябе тут, у Тракелях, вельмі важную праўду: усе людзі пакліканы да любові і пакліканы любіць кожнага чалавека.

“Рэалізуючы любоў да іншага чалавека мы ў нейкім сэнсе, як Марыя, нараджаем Бога, бо Бог ёсць Любоў”, – падсумаваў кс. Віталій Вайцяхоўскі.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая