Skip to main content

Чацвёрты дзень пілігрымкі Іўеўскага дэканата да Маці Божай Тракельскай

iue trakeli 4 35 чэрвеня, пасля трох дзён дажджу, ветру, мокрай дарогі, выглянула сонца. Ды не проста сонца, а быццам папярэдніх цяжкасцяў не было ўвогуле: нічога больш не нагадвала пра ранейшае надвор'е, шлях быў сухім і спякотным, рукі і твар сталі загарэлымі, некаторыя нават атрымалі апёкі.

Такім чынам, з'явіліся новыя перашкоды, да каторых давялося прыстасоўвацца, як у жыцці, і шукаць іншых вырашэнняў, нягледзячы на ўвесь папярэдні вопыт. У гэтай сітуацыі пілігрымы падтрымлівалі адзін аднаго, не толькі словамі, але і канкрэтнымі дзеяннямі, напрыклад, дзелячыся халоднай вадой.

Гэтая супольная дапамога стала відавочнай тады, калі мы пабачылі, як вядуць сябе ў падобных выпадках жывёлы. А справа была такая: па дарозе мы сустрэлі статак кароў, іх гналі ў адваротным напрамку. Каровы спалохаліся нашых сцягоў і спеваў і сталі бегчы, пхаючы адна адну. Пры гэтым адна карова павалілася на зямлю, і другія яе папросту затапталі. Ніхто з іх не прыпыніўся, не абышоў бокам, не падштурхнуў устаць.

iue trakeli 4 43

Мы, пілігрымы, паводзім сябе інакш – заўсёды, у любым выпадку, працягваем адзін аднаму руку дапамогі, можам параіць, як штосьці зрабіць лепш, можам вырашыць разам складаныя сітуацыі, падтрымаць. Гэта адрознівае нас ад жывёл і вучыць, як трэба жыць.

Пілігрымка – гэта па сутнасці маленькі жыццёвы шлях, падчас якога пазнаюцца цяжкасці, выпрабаванні, якія так ці інакш існуюць у жыцці сапраўдным. І да гэтых момантаў мы даходзім ужо падрыхтаванымі.

iue trakeli 4 45

У чацвёрты дзень пілігрымавання нас было ўжо 165 чалавек. Некаторыя прыехалі з іншых мясцін, нават з замежжа, каб разам прайсці гэты шлях да Маці. Гэта сапраўды цудоўна – бачыць людзей, якія ўвесь год чакаюць гэтага моманту, рыхтуюцца, бяруць адпачынак на працы і прыязджаюць, каб ісці ўсе разам.

Эмоцыі ад супольнага пілігрымавання цяжка параўнаць з іншымі: яны асаблівыя. Яны поўныя любові да Бога і жадання даверыцца Яму падчас кожнага дня.

Пяты, апошні дзень пілігрымкі, будзе асаблівы – у гэты дзень Маці Божая чакае сустрэчы з намі. І мы крочым да Яе, аддаючыся цалкам Яе апецы.

Артур Мартынконіс