Skip to main content

Гродзенская дыяцэзія на ўрачыстасцях у Будславе

uraczystasci budslau 61-2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбыліся штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці.

Сёлетнія ўрачыстасці былі прысвечаны 20-годдзю каранацыі цудатворнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама моладзі — “надзеі Касцёла і грамадства”.

У іх прынялі ўдзел шматлікія пілігрымы з усёй Беларусі, у тым ліку з Гродзенскай дыяцэзіі. З яе тэрыторыі прыбылі тры пешыя пілігрымкі: з Ліды – якія пераадолелі найбольш кіламетраў, са Смаргоні і Гудагая. У аўтобусных пілігрымках прыбыло шмат вернікаў з Ліды, Гродна, Сапоцкіна, Іўя…

uraczystasci budslau 4

Ва ўрачыстасцях удзельнічалі таксама іерархі з Гродна: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Святую Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адказвае за моладзь. У сваёй гаміліі біскуп засяродзіўся на тэме распазнавання сябе і свайго паклікання.

“Стагоддзямі вернікі пры сустрэчы з Марыяй у Будслаўскім санктуарыі паўтараюць за св. Альжбетай поўныя даверу і любові словы: „Благаслаўлёная Ты, Панна Марыя, якая паверыла, што споўняцца словы, сказаныя Табе ад Пана“”, – адзначыў іерарх.

uraczystasci budslau 5

Біскуп дадаў, што Альжбета распазнае прыходзячага Пана ў сваёй сваячцы, і гэта не проста. “А як цяжка бывае нам распазнаць Бога, якога добра ведаем? Як лёгка не заўважыць Бога ў тым, што нам блізка!” – сказаў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што багацце духоўнага жыцця чалавека залежыць ад паглыблення яго веры. “Чалавек, які не распазнае Бога, што прыходзіць да яго ў звычайнай штодзённасці, губляе магчымасць спазнання сябе самога”, — заўважыў іерарх.

Біскуп нагадаў, што быць сабой і распазнаваць сябе дазваляе малітва — асабістая, шчырая і дабравольная: “Не можа чалавек лічыць сябе веруючым, калі не моліцца. Яго вера застаецца тэарэтычнай, яе не відаць, яна не пакідае слядоў”.

uraczystasci budslau 3

Як дадаў іерарх, у сваім жыцці чалавек не заўсёды ўсведамляе прысутнасць Езуса, але гэтая прысутнасць “з’яўляецца неўміручай крыніцай чалавечай сілы”.

“Хрыстус стаіць побач з намі. “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, — кажа Езус, — увайду”. Ці адкрылі мы ўжо сэрцы для Хрыста?” — звярнуўся біскуп да прысутных.

Іерарх нагадаў, што 2018 год у Касцёле ў Беларусі праходзіць пад дэвізам “Моладзь — надзея Касцёла і грамадства”, таму заклікаў моладзь не баяцца будаваць свой дом “у Касцёле і з Касцёлам”, а таксама дзейнічаць.

uraczystasci budslau 1

“Любая моладзь, вы — будучыня Касцёла і грамадства. Дык будуйце ж яе разам з Хрыстом, нашым Збаўцам, і Марыяй, Каралевай Беларусі!” — заключыў іерарх.

Урачыстасці завяршыліся галоўнай Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Kс. Юрый Марціновіч, catholic.by

Фотa: catholic.by