Хвала Хрысту! Вітаю ўсіх! Сёння вырушыла штогадовае паломніцтва Гродна – Тракелі. І я, Воля Сяліцкая, пачынаю свой дзённік.
Дзень першы.
Апошні раз хадзіла ў Тракелі ў 2014 годзе. Нічога не змянілася: знаёмыя твары, нязменны кіраўнік кс. Павел Салабуда, ранішнія зборы каля гродзенскай катэдры і чарга на рэгістрацыю, дзе кожны атрымаў набор пілігрыма.
Імша – самы лепшы пачатак на добры шлях. Кожны мае свае інтэнціі на дарогу да Маці Божай.
Вырушылі! Мне моцна падабаецца сачыць за рэакцыяй людзей, калі ідзем па гораду і спяваем песні. Адзін мужчына, які стаяў на аўтобусным прыпынку, сказаў, што мы ўсе героі нашага часу!
Ранішнія малітвы традыцыйна праходзяць на польскай мове - так распачынаецца кожны дзень.
Амаль праз увесь шлях нам спадарожнічаў дождж, і даводзілася спяваць акапэльна: замест музыкі было чуваць шамаценне рознакаляровых дажджавікоў. Дарэчы, каб не прамачыць ногі, падзялюся з вамі адным лайфхакам: надзяваем шкарпэткі, потым цэлафанавы пакет і ўжо пасля - абутак. Гэта і дадае музыкі ў паломніцтве.)
На першым пастоі, у Путрышках, нас прывіталі мясцовыя парафіяне на чале з кс. Віктарам Велівісам. Мы ўсе разам памаліліся да св. Казіміра, заступніка Гродзенскай дыяцэзіі. Пасля нас пачаставалі вельмі смачным абедам, многія прыходзілі за дабаўкай.
Канферэнцыю для паломнікаў у гэты дзень прамовіў кс. Андрэй Белаблоцкі. Разам з ім мы разважалі на тэму: “Чаму можа навучыць нас Марыя?”. “Як часта мы дарым ружы нашай Нябеснай Маці? Адна малітва "Вітай, Марыя" – гэта як кветка для Яе. Рабіце гэта часцей, Ёй будзе прыемна. Святая Панна павінна быць прыкладам для кожнага і кожнай. Яна чыстая і пакорная. Яна пражыла такое самае жыццё, як і мы цяпер пражываем. Трэба ўмець пераносіць усе свае цяжкасці і давяраць праблемы нашай Маці”, - адзначыў святар.
На апошнім пастоі пілігрымаў чакаў сюрпрыз: вялікі і смачны торт, каб адзначыць юбілейнае XX паломніцтва. Мы ўсе разам павіншавалі нашу пілігрымку з Днём нараджэння!
І вось мы ў Азёрах, прайшлі першы ўрывак пяцідзённага шляху. Адарацыя на заканчэнне дня і радасць сустрэчы з Госпадам. Заўтра новы дзень і новы шлях. Дзякуй Нябеснаму Айцу за сённяшні дождж і за ўсіх, хто побач.
Дабранач і з Богам.
Вольга Сяліцкая