Снеданне а 10-ай гадзіне, плануеш прачнуцца а 8-ай, а палова пілігрымаў з 7- ай раніцы ўжо збіраецца ў апошні кавалак шляху.
Сумныя твары з самае раніцы хадзілі ў некалькіх швэдрах, грэліся ў мясцовых лазнях і дамах, елі кашу і віталі пілігрымаў, што праходзілі міма. Чаму сумныя? Бо ўсе разумелі, што сёння апошні дзень, калі мы ўсе разам. Ніхто не хацеў, каб пілігрымка скончвалася.
Памаліўшыся Ружанец у інтэнцыі падзякі Маці Божай за магчымасць ісці ў паломніцтве, кожны яшчэ раз прыпомніў сабе інтэнцыю, з якой вырушыў у шлях. Пасля кс. Дзяніс падзякаваў кожнаму з нас і падзяліўся сваімі перажываннямі - гэта была першая пілігрымка, якой ён кіраваў. Святар прызнаўся, што ў нас была самая смачная палявая кухня.
Як бы цяжка не было ісці, якія б мокрыя не былі ногі, 4-ая пешая пілігрымка Ліда-Будслаў, пераадолеўшы 250 км за 9 дзён, у колькасці 100 чалавек, танцуючы, прыйшла да Маці!
Якая была радасць на тварах, колькі шчасця ў вачах пілігрымаў! Хацелася спыніць гэты момант, хацелася, каб гэтыя пачуцці і эмоцыі засталіся, але, ідучы на каленях да абраза, трэба было суцішыцца і падзякаваць Марыі за шлях, за людзей, якіх я сустрэла, за кожнае імгненне гэтай пілігрымкі, а таксама прадставіць тую просьбу, з якой я прыйшла да падножжа Яе алтара.
У Будславе нас чакаў вялікі намёт, у якім мы ўсе схаваліся ад дажджу. Хоць нас было многа, нам усё роўна было холадна, але гарачы суп крыху сагрэў і мы былі гатовыя ісці на св. Імшу для пілігрымаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп нашай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Стоячы на вуліцы і назіраючы за тым, што адбываецца ў касцёле, мы былі здзіўлены, калі ўбачылі, што Літургію Слова праводзяць нашыя пілігрымы. Прыемным таксама было тое, што сваім спевам св. Імшу ўпрыгожыў семінарыйны гурт "Ave".
Падчас св. Імшы я ўзгадала, як наш духоўны айцец казаў, што не трэба баяцца быць Божымі шаленцамі. І я задумалася: сапраўды, мы стаім на вуліцы пад дажджом, нам так холадна, што нават рухацца не можам. На вуліцы вецер, дажджавікі ўсе ў дзюрках, але мы шчаслівыя, на нашых тварах усмешка і радасць. Гэта быў цуд, і я дзякавала Богу за тое, што магу быць такім шаленцам. Як адзначыла Аня, якая была валанцёрам паломніцтва: "Лідскія пілігрымы такія шалёныя, што нават на апошнюю песню падчас св. Імшы галасілі і танцавалі як маглі".
Пакуль мы маліліся, вельмі змерзлі. І было прынята рашэнне паехаць дадому. Едучы з бацькамі, узгадваючы мой тыдзень шляху, я хачу ад шчырага сэрца падзякаваць кожнаму, каго я сустрэла ў гэтай пілігрымцы. Хачу падзякаваць кожнаму паломніку за тое, што ён адважыўся і пайшоў; усім ахвярадаўцам і дабрадзеям нашай пілігрымкі; кс. Яну, які кожны дзень прамаўляў да нас; і, канешне, кіраўніку нашай пілігрымкі кс. Дзянісу, які праз усе цяжкасці дайшоў з намі да Будслава і заўсёды падтрымліваў, калі нам было цяжка.
Пілігрымка Ліда-Будслаў-2018 скончылася, але працяг будзе! У наступным годзе запрашаю ўсіх далучыцца да юбілейнага паломніцтва і прайсці дзевяцідзённым шляхам да Маці, якая чакае!
Яна Чайко
Фота: Марыя Чарняк