У апошнюю чэрвеньскую раніцу мы маліліся на св. Імшы разам з пілігрымамі з Маладзечна. Кіраўнік нашага паломніцтва звярнуў увагу на тое, што галоўная мэта кожнага з нас - дасведчыць цуд. Калі паверыш у цуд – атрымаеш яго.
Надвор'е было занадта непрадказальнае: з самае раніцы было холадна, потым - спякота, а пасля абеду ізноў холад з моцным ветрам.
Раніцай адбыўся хрост пілігрымаў, якія першы раз ідуць з Ліды ў Будслаў. У гэтым годзе іх было каля 30. Вельмі прыемна быць хроснай маці паломніка, бо ведаеш, што ў наступным годзе твой хроснік зноў пойдзе да Маці Божай Будслаўскай. А калі не ў наступным, то праз некалькі гадоў абавязкова пройдзе гэты шлях яшчэ раз.
Пасля абеду ў нас было набажэнства Крыжовага шляху. Разважаючы Мукі Езуса Хрыста, я ўспамінала не толькі моманты сваіх падзенняў і цяжкасцяў, але і людзей, якія падтрымлівалі мяне. Усталяваўшы крыж на нашай "Гары крыжоў", кожны пілігрым меў магчымасць ушанаваць яго.
Змагаючыся з ветрам, мы дайшлі да Ваўкалаткі, скарысталіся гасціннасцю мясцовых жыхароў (схадзілі ў лазні) і разбілі нашае намётавае мястэчка.
Пасля вячэры, калі большасць ужо збіралася класціся спаць, мы вырашылі крыху адпачыць і зладзілі танцы на дарозе. Наш кіраўнік не чакаў, што стомленыя пілігрымы маюць столькі сіл, каб увесь вечар танцаваць пад “хітовыя" песні. А пасля сумеснай малітвы ўсе разыйшліся на намётах.
Цяжка ўсведамляць, што заўтра нашая пілігрымка скончыцца і мы павінны будзем раз'ехацца па сваіх дамах і сем'ях. Зноў узнікнуць нейкія праблемы, турботы, абавязкі. Але да вяртання да хаты ёсць яшчэ пэўны час, таму не буду думаць аб дрэнным. Трэба сагрэцца і ісці спаць. Заўтра ўжо сустрэнемся з Маці.
Яна Чайко
Фота: Марыя Чарняк