Skip to main content

Курсы-рэкалекцыі па пытаннях сямейнага жыцця прайшлі ў Навагрудку

kursy nv mialeszka4З 22 па 27 чэрвеня ў Навагрудку адбыліся курсы-рэкалекцыі для сем’яў, якія арганізавала Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі для тых, хто рыхтуецца быць кансультантамі сямейнага жыцця ці ўжо працуе імі, і ўсіх зацікаўленых.

Сёлета ў рэкалекцыях прынялі ўдзел сем’і з Мінска і Мінскай вобласці, з Гродна і Брэста, у тым ліку навучэнцы «Школы сямейнага жыцця», і тыя, хто ўжо працуе сямейнымі кансультантамі пры парафіях.

У адпаведнасці з жаданнем, якое ўдзельнікі выказалі ў мінулым годзе, рэкалекцыі былі прысвечаны тэме Бібліі, а таксама былі арганізаваны заняткі з элементамі трэнінгу.

Вельмі важным момантам была духоўная падтрымка, якую ўдзельнікі мелі дзякуючы слову, скіраванаму да іх ксяндзом Адамам Дынакам і прысвечанаму біблейскай тэматыцы.

Калі мы чытаем евангельскія ўрыўкі аб тым, як Хрыстос уваскрасіў мёртвага або вылечыў хворага, мы рэдка задумваемся аб тым, што чалавечае цела азначае для нас саміх. Калі б наша цела не было такое ж дарагое Богу, як і наша вечная душа, Бог не стаў бы аздараўляць цела або клапаціцца пра яго вечнае жыццё пасля ўваскршэння памерлых.

kursy nv 5

І калі мы задумваемся аб чалавечым целе, у сувязі з вечнасцю ці ў сувязі з часовым жыццём, у сувязі з зямным ці нябесным, мы можам паставіць сабе пытанне: хіба мы не атрымліваем усё наша веданне, пра Бога ці пра свет, праз цела? З маленства, з самага нараджэння мы спазнаём пяшчоту і любоў пры дапамозе нашага цела, задоўга да таго, як можам зразумець што-небудзь розумам.

Першыя практыкаванні з элементамі трэнінгу ў межах рэкалекцый былі накіраваны на пазнанне свайго цела, сваіх межаў, бо Бог стварыў не толькі душу, але і цела.

Мяжа – гэта падзел паміж чымсьці. З пункту гледжання псіхалогіі, межы – гэта нябачнае, але адчуваецца падзел паміж «Я» і не-«Я».

Здольнасць рэгуляваць мяжу і прастору межаў важная для здаровага функцыянавання чалавека. Тое, як мы на цялесным узроўні адстойваем нашу прастору, як рэагуюць нашы мышцы, як мы адчуваем нашу скуру ў кантакце, як адзначаем дыстанцыю паміж аб'ектамі, у якім тонусе знаходзіцца цела, так і на псіхалагічным узроўні мы абыходзімся з нашымі межамі. Некаторыя так зліваюцца з іншым, што ўжо не разумеюць, дзе праходзяць свае, а дзе чужыя межы, дзе «Я», а дзе прастора іншага, не могуць вызначыць, дзе праходзіць адказнасць за ўласнае жыццё.

kursy nv 3

Гэтыя практыкаванні дапамаглі ўдзельнікам паклапаціцца пра сябе. Бо клопат пра сябе — гэта здолець прыняць сябе сапраўдным, а не спрабаваць адпавядаць ідэалу. Жыць, не капіруючы пастаянна іншых людзей, а пражыць сваё ўласнае жыццё — такое, якое, магчыма, не падыходзіць іншым, але падыходзіць вам. Затым мы сталеем у пазнанні, мудрасці, дасведчанасці; усё, чым валодае наш розум, усё, што робяць нашы сэрцы такімі багатымі, калі Бог дасягае нас праз нашы пачуцці.

Наступныя практыкаванні былі накіраваны на пазнанне самога сябе, свайго мужа/жонкі, на зносіны адно з адным, з уласнымі дзецьмі.

Практыкаванні дапамагалі сумленна паглядзець на свае няўдачы і расчараванні і вырашыць, што з імі рабіць. Гэта азначае прыняць тое, што якіясьці нашы жаданні не будуць задаволеныя. Гэта значыць здолець адпусціць тое, што трэба адпусціць; выбраць новае.

Практычныя элементы і навыкі падмацоўваліся тэорыяй.

Самай любімай часткай праграмы ўдзельнікі называюць «100 пытанняў да...», калі кожны меў магчымасць задаць пытанні на тэмы, якія яго хвалююць, пацікавіцца досведам рэкалекцыяністаў.

kursy nv 1

Вялікая ўвагу ўдзялялася не толькі працэсу навучання, але і духоўнаму аспекту. Дзень распачынаўся малітвай, галоўным пунктам дня была святая Імша, а таксама адарацыя. Штодзённа адбывалася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці, вечарам быў час для праслаўлення і падзякі Богу.

На гэтыя духоўныя практыкаванні прыязджаюць не толькі за новымі ведамі, але і для адпачынку душы. Праз такія рэкалекцыі Бог перамяняе сем’і ўдзельнікаў, яны чэрпаюць у Яго сілы для далейшага жыцця, служэння і працы. Немалаважным фактам было і тое, што на рэкалекцыях працавала няня. У апошні вечар рэкалекцый дзеці падрыхтавалі ўсім удзельнікам сюрпрыз: спявалі і танцавалі.

Удзельнікі курсаў-рэкалекцый асабліва ўдзячныя кс. Адаму Дынаку за выдатную працу і навуку, удзячныя рэкалекцыяністам за працу, прафесіяналізм, шырыню ведаў і інавацыйны падыход у працы з людзьмі, і спадзяюцца, што гэты вопыт будзе карысны для ўсіх.

Асаблівую падзяку ўдзельнікі выказваюць сёстрам назарэтанкам за атмасферу ўтульнасці, добразычлівасці і любові.

Iрына Мялешка