27 чэрвеня ў касцёле ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Уладзіслава, апекуна парафіі.
Распачалася ўрачыстасць Літаніяй да Сэрца Пана Езуса перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пасля вернікі і святары пайшлі эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.
Затым адбылася святая Імша. Напачатку пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч прывітаў святароў, парафіян і гасцей, якія прыбылі на ўрачыстасць. Эўхарыстыю цэлебраваў кс. Станіслаў Лабан, пробашч парафіі ў Беняконях, прысутнічаў дэкан Іўеўскага дэканата кс. Віктар Субель.
Гамілію прамовіў кс. Юрый Барташэвіч, які распавёў пра постаць св. Уладзіслава, караля Венгерскага, звяртаючы ўвагу на тое, што ў кожнага чалавека свая дарога да святасці, да раю, але прайсці яе магчыма, калі крочыць за Езусам, маючы перад сабой прыклад святых.
У час Імшы дзякуючы кс. Юрыю Ясевічу можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Сваім спевам літургію аздабляў парафіяльны хор. Напрыканцы Імшы быў заспяваны гімн “Цябе, Божа, праслаўляем”.
На заканчэнне ўсе жадаючыя маглі зазірнуць у гісторыю парафіі ў фотаздымках з часоў Уладзіслава Умястоўскага і да нашых дзён, якія былі размешчаны на спецыяльных табліцах.
JM