23 чэрвеня дабрачынная група “Уваскрасенне” Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” пад кіраўніцтвам кс. каноніка Антонія Грэмзы арганізавала вялікае свята для “асаблівых” дзяцей з карэкцыйных цэнтраў г. Гродна.
Свята прайшло ў агратурыстычным комплексе “Каробчыцы”, які штогод акдчыняе свае дзверы для сустрэчы маленькіх гасцей і іх бацькоў.
Дзеці разам з бацькамі (усяго іх было 176 чалавек) змаглі пакатацца ў дыліжансе, на кані або поні, пагуляць з вясёлым клоўнам і сустрэць казачных герояў – мядзведзя з мультфільма “Маша і мядзведзь”, пчолку Маю, Сімку і Ноліка.
У гэтым годзе на свяце была самая вялікая колькасць удзельнікаў, якія змаглі весела правесці час і адпачыць на тэрыторыі агракомплекса. Валанцёры дабрачыннай групы ўпэўнены, што акцыя атрымалася дзякуючы Божай дапамозе і малітве.
Як адзначаюць самі валанцёры, кожная праведзеная дабрачынная акцыя зусім непадобная да іншай. Марыя Янкевіч прызнаецца, што для яе гэта быў дзень, калі яна змагла асабіста далучыцца да добрай справы. Па яе словах, была таксама магчымасць убачыць вынікі сваёй працы ў радасных вачах дзяцей і іх бацькоў. “Менавіта шчрыя ўсмешкі, смех дзяцей і словы ўдзячнасці іх бацькоў сталі для нас лепшай узнагародай”, – дадае Марыя.
Валанцёры, якія прысвяцілі свой час на падрыхтоўку свята для дзяцей, кажуць, што, падводзячы вынікі, яны зразумелі, што гэты дзень быў пражыты не дарма. Усе яны сталі крыху больш добрымі і чулымі, сталі часткай добрай справы.
Маладыя людзі дадаюць, што вынеслі з гэтага свята для сябе вельмі шмат: убачылі бацькоў, напоўненых воляй і міласэрнасцю, адвагай і цярплівасцю; бацькоў, якія заваёўваюць сваім любячым позіркам. Склалася адчуванне, што ў іх сэрцах адкрылася дадатковая крыніца сілы і цеплыні.
Таксама, па іх словах, яны ўбачылі дзяцей, якія, нягледзячы на свае абмежаванні, такія ж яркія, індывідуальныя, пазітыўныя; якія жадаюць дарыць дабрыню і любоў, адкрыцца свету і адкрыць гэты свет; якія бачаць, магчыма, больш, чым мы, а менавіта сапраўдную прыгажосць людзей і прыроды, бо наша душа здольная бачыць лепш тое, што непадуладнае розуму.
“Калі да гэтага існавалі нейкія прымхі, то пасля ўбачанага ў душы засталася глыбокая сімпатыя да гэтых дзяцей і вялікі гонар за іх бацькоў. Удзел у акцыі пакінуў ува мне кавалачак дабра, крыніцай якога сталі гэтыя дзеці”, – распавядае Марыя Янкевіч.
Марыя Багдзевіч