Чарговы дзень нашага падарожжа да Маці Божай, як і заўсёды, распачаўся святой Імшой, падчас якой пілігрымы разам з ксяндзом Янам Раманоўскім разважалі пра вузкую і шырокую браму на шляху кожнага чалавека.
“Тое, што з'яўляецца простым і лёгкім, не заўсёды вядзе да дабра і робіць нас бліжэй да Бога. Вучань Хрыста ідзе вузкай дарогай. Просім, каб Хрыстус асцерагаў нас ад шырокай брамы і кіраваў нашымі крокамі на шляху праз вузкую браму”, – адзначыў святар.
Цудам гэтага дня было надвор’е, бо прагназаваўся дождж, а з самае раніцы свяціла сонейка.
Вялікае сведчанне нашай веры далі мы, ідучы праз Валожын, дзе ў парафіі Святога Юзафа нас чакаў невялікі пачастунак і адпачынак пасля 25 км шляху.
У канферэнцыі духоўны айцец пілігрымкі адзначыў, што любоў да бліжняга – гэта сведчанне веры: “Традыцыя Касцёла гаворыць, што язычнікі здзіўляліся першым хрысціянам, бо яны любілі адзін аднаго”. Усмешка іншаму чалавеку – гэта выраз хрысціянскай любові. А пілігрымка не мае сэнсу, калі ў чалавечым сэрцы няма Езуса.
Пераадолеўшы сёння 35 кіламетраў, радасныя пілігрымы са згарэлымі тварамі скарысталіся добразычлівасцю жыхароў вёскі Кібуці: смачна павячэралі, памыліся ў лазнях і разышліся па хатах на начлег.
Першыя 100 км шляху засталіся за нашымі плячыма, наперадзе яшчэ 150. Колькасць пілігрымаў павялічваецца кожны дзень, усмешкі ўсё часцей слепяць вочы, а спевы і крычалкі пілігрымаў чуваць усё далей. Хрыплых галасоў яшчэ няма, але хутка будуць!
Яна Чайко
Фота: Марыя Чарняк