Skip to main content

Вырушыла пешая пілігрымка з Гудагая ў Будслаў

gudagai bd 1325 чэрвеня вырушыла VIII пешая пілігрымка з Гудагая (Астравецкі дэканат) у Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.

Перад выхадам у шлях пілігрымы ўдзельнічалі ў святой Імшы ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Свой час пілігрымавання яны даверылі Панне Марыі, якая ў гэтай святыні ўшаноўваецца як Маці Божая Шкаплерная, каб ахінула іх сваёй мацярынскай апекай.

Падчас сёлетняй пілігрымкі яе ўдзельнікі будуць разважаць над тэмай “Марыя – Абранніца Святога Духа”. Падчас канферэнцый яны змогуць усвядоміць, што Панна Марыя дасканалым чынам выканала Божую волю, таму што была адкрыта на дзеянне Духа Святога. Дух Святы кіраваў Яе жыццём, а Яна была паслухмяная Яго натхненням.

gudagai bd 19

Пілігрымам, якіх 50 чалавек, спадарожнічаюць святары і сёстры законныя, якія ахінулі іх духоўнай апекай. Наймалодшаму ўдзельніку пілігрымкі 3 гады і 6 месяцаў, найстарэйшаму – 73 гады.

У будслаўскі санктуарый пілігрымы прыбудуць 1 ліпеня, каб з іншымі вернікамі з нашай краіны і з замежжа прыняць удзел у сёлетніх урачыстасцях, якія будуць праходзіць пад дэвізам “Моладзь — надзея Касцёла і грамадства”.

Кс. Юрый Марціновіч