Чацвёртая па ліку пешая пілігрымка з Ліды ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе сёлета вырушыла ў шлях 23 чэрвеня. Дэвіз пілігрымкі - “Верыць. Разумець. Сведчыць”. Пілігрымы правядуць у дарозе дзевяць дзён, пераадолеюць адлегласць больш за 250 км.
Сваімі ўражаннямі ад кожнага дня пілігрымкі будзе дзяліцца з намі Яна Чайко з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
25 чэрвеня
Свой чацвёрты шлях з Ліды ў Будслаў я распачала ў Юрацішках. На жаль, у мяне не атрымалася ў гэтым годзе стартаваць з Ліды.
За плячыма пілігрымаў ужо 58 кіламетраў, наперадзе яшчэ 200.
Распачаўся дзень святой Імшой у парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла. Ксёндз Дзяніс Бразінскі, кіраўнік пілігрымкі, у гаміліі звярнуў увагу на праблему сучаснага свету – асуджэнне.
“Маючы хоць адну дрэнную думку аб чалавеку, мы ўжо чынім грэх, - адзначыў святар і дадаў: - Важна любіць свайго бліжняга і маліцца, каб ён пазбавіўся шчэпкі ў воку сваім”.
Сённяшні шлях выдаўся цяжкім з-за дажджу, якім Пан Бог крапіў нас ад самае раніцы. Але ж гэты дождж патрэбны для нашай зямли, столькі часу мы яго чакалі! Благаслаўлёны гэты дождж і выпрашаны ў Богам малітвамі вернікаў!
Таму, хоць мы былі мокрыя і нам было не вельмі камфортна, ішлося значна лягчэй, спяваючы, танцуючы і размаўляючы з тымі, хто ідзе побач.
Падчас канферэнцыі з кс. Янам Раманоўскім мы разважалі пра тое, як быць сведкам у сучасным свеце: “Лёгка быць сведкам хрысціянства ў пілігрымцы ці на Днях моладзі”, - адзначыў святар, заклікаючы нас, каб у кожных абставінах і сярод розных людзей мы былі сведкамі нашага Пана.
Сваю працу для нас распачала сёння палявая кухня. “Мама” Света і “мама” Аня накармілі нас смачным абедам з не менш смачным дэсертам. Падсілкаваўшчыся, мы зноў атрымалі шмат сіл, каб крочыць далей, бо перад намі яшчэ шмат дарогі.
Вялікую гасціннасць аказалі жыхары вёсак Такарышкі і Магенцы, частуючы нас печывам на прывалах. Столькі радасці ў вачах гэтых людзей, якія ўмеюць дзяліцца кавалкам хлеба і перш за ўсё сваім шчодрым сэрцам.
Прайшоўшы сёння 25,5 км, мы пакінулі нашу родную Гродзеншчыну і ўвайшли на тэрыторыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Радасныя пілігрымы пасля ўсяго дня, стомленыя, але шчаслівыя, “упалі” на начлег у Вішнеўскім клубе. Пакуль яшчэ патухне свет у зале клуба, яны скарысталіся мясцовай лазняй і павячэралі “пілігрымскай” грэчкай і гарбатай.
Наперадзе яшчэ вясёлы вечар, першая сумесная ноч і 170 км шляху да Маці Божай.
Дзякуй Богу, што я разам са сваімі сябрамі, разам крочым, каб пакланіцца Марыі і сказаць Ёй, чым жыве наша сэрца.
Яна Чайко
Фота: Марыя Чарняк