24 чэрвеня парафію Св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат) наведаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У гэты дзень, калі Касцёл святкуе Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля, там адзначалася парафіяльная ўрачыстасць.
На ўрачыстасць прыбылі святары і вернікі, каб разам ушанаваць святога заступніка і праз яго пасрэдніцтва скіраваць да Бога свае просьбы.
Іерарха прывітаў пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк. Святар адзначыў, што для яго супольнасці вялікі гонар разам з арцыбіскупам перажываць парафіяльны адпуст.
У гаміліі Мітрапаліт звярнуў увагу, што святы Ян Хрысціцель заклікае нас адказаць на вельмі важныя пытанні: “Што азначае быць хрысціянінам?”, “Што азначае быць сведкам Хрыста?”, “Што азначае быць святлом для сучаснага свету?”
Іерарх адзначыў, што Ян Хрысціцель быў богабаязным чалавекам і таму абвяшчаў і бараніў Божую праўду, не пабаяўся супрацьстаяць Іраду, які любіў слухаць яго, аднак не меў адвагі прыняць яго вучэнне.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што сучасны чалавек можа шмат чаму навучыцца ад св. Яна Хрысціцеля.
“Святы Ян – перасцярога для хрысціянаў, якія не з’яўляюцца сведкамі хрысціянства. Праўдай ёсць тое, што многія з нас падобныя да галінкі дрэва, якая нахіляецца ў той бок, у які дзьме вецер. Гэта азначае, што многія з нас жывуць без цвёрдых хрысціянскіх перакананняў і замест таго, каб кіравацца сумленнем, кіруюцца поглядамі людзей”, – сказаў іерарх.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі дадаў, што св. Ян Хрысціцель абвяшчаў бескампрамісны стыль жыцця і падобна чыніць Касцёл. Таму словы Бога “Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі” адносяцца не толькі да Яна Хрысціцеля, але і да кожнага хрысціяніна.
“Мы ўсе пакліканы словам і прыкладам жыцця сведчыць пра Езуса Хрыста. Няхай у гэтым умацоўвае нас Ён, якога слухаем у Божым слове і прымаем у святой Камуніі”, - дадаў арцыбіскуп.
На заканчэнне літургіі вернікі падзякавалі шаноўнаму госцю за дар супольнай малітвы і за прысутнасць сярод іх.
Кс. Юрый Марціновіч