Skip to main content

Творчыя, разумныя і таленавітыя: трэці дзень Парафіяды быў прысвечаны тэатру і святыні

teatr vedy 58На працягу двух дзён дзеці i моладзь Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічалi ў розных спартыўных конкурсах. На трэці дзень, 20 чэрвеня, яны паказвалі свае сцэнічныя і музычныя здольнасці, а таксама веданне Святога Пісання і гісторыі Касцёла.

Конкурс на веданне Касцёла і Бібліі быў цікавым і вельмі важным для ўдзельнікаў Парафіяды.

“У конкурсе на веданне Касцёла і Бібліі я ўдзельнічаю ўпершыню. Падышла да яго адказна, таму што рыхтавалася вельмі старанна. Не скажу, што тэст для мяне быў вельмі цяжкім, аднак над некаторымі пытаннямі прыйшлося пасядзець. Вядома ж, я хвалявалася, бо перажывала, што ў гэтым конкурсе будзе вялікая канкурэнцыя. Але мне ўдалося справіцца з хваляваннем, і ў выніку я заняла другое месца”, – адзначыла Марта Кухнавец з гродзенскай катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя.

Музычны конкурс “Музыка – маё жыццё” сабраў вялікую колькасць творчых і таленавітых юнакоў. Парафіядаўцы спявалі папулярныя хіты расійскай, польскай, замежнай эстрады, перараблялі песні, ставілі сцэнічныя нумары. Пра ўражанні і эмоцыі, якія засталіся пасля конкурсу, распавяла Анастасія Пуляк з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе:

teatr vedy 45

“У Парафіядзе я ўдзельнічаю ўжо трэці раз. Заўсёды самым хвалюючым і цікавым для мяне з’яўляецца конкурс “Музыка – маё жыццё”. Магу сказаць, што ўсе ўдзельнікі гэтага конкурсу – моцныя вакалісты. Хваляванне, канешне, было, сцэна і вялікая колькасць людзей даюць аб сабе ведаць. Але эмоцыі пасля выступу на сцэне перадаць проста немагчыма”.

Адным з самых відовішчных конкурсаў быў паказ малых тэатральных форм. Удзельнікі браліся за пастаноўку вельмі складаных і глыбокіх тэм. Тут прадстаўлялі сцэнкі пра Марыю, пра любоў Езуса да людзей, пра бясконцую барацьбу дабра і зла, пра чалавечыя заганы і слабасці.

“Адразу відаць, што ўсе парафіі старанна рыхтаваліся. Мяне здзівіла артыстычнасць і шчырасць моладзі на сцэне. Здавалася, быццам хваляванне і страх – гэта дакладна не пра іх. Усе выступленні былі напоўнены вялікім сэнсам і мелі цікавыя сюжэты. Гэта класна, што дзеці і моладзь не баяцца паказаць сябе!” – падзялілася валанцёр Парафіяды Сабіна Дзякун.

Ва ўдзельнікаў наперадзе яшчэ цэлы дзень, які будзе насычаны новымі дасягненнямі і перамогамі.

Вікторыя Бурч

Фота: Баляслаў Гавецкі