19 чэрвеня, у другі дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, раніцай адбылася святая Імша ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне. Літургію ўзначаліў рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза.
На Эўхарыстыі сабраліся ўдзельнікі Парафіяды, каб чарговы дзень супольнага прабывання даверыць Пану Богу і прасіць Яго аб благаслаўленні на час змаганняў на стадыёне.
У гаміліі кс. Грэмза адзначыў, што кожны чалавек пакліканы жыць у Божай ласцы і быць дасканалым на падабенства Бога Айца.
“Мы не можам быць дасканалымі самі па сабе. Таму нам патрэбна Божая ласка, якая неабходная, каб быць добрым хрысціянінам”, – дадаў святар.
Па словах кс. рэктара, усе мы пакліканы быць сям’ёй Божых дзяцей, а Парафіяда якраз і з’яўляецца будаваннем еднасці разам з Панам.
Святар падкрэсліў, што трэба ўзрастаць у Божай любові кожны дзень, каб не згубіць Божага святла. “Няхай ніколі не згасне паходня нашай любові да Пана Бога і нашых бліжніх”, – заахвоціў кс. Антоні Грэмза.
Пасля Імшы ўдзельнікі Парафіяды скіраваліся на стадыён, на якім правядуць цэлы дзень у спартыўных спаборніцтвах.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі