18 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі распачалася 10-я юбілейная Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Cустрэча, якая складаецца з трыяды “святыня – тэатр – спорт”, праходзіць пад дэвізам “Жыць Евангеллем”.
На сёлетнюю Парафіяду прыбыло каля 500 удзельнікаў з 30 парафій. Упершыню ў ёй удзельнічае група з Віцебскай дыяцэзіі (Валкалата). У правядзенні мерапрыемства дапамагаюць 25 валанцёраў.
Распачалася Парафіяда святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх адзначыў, што гэтая сустрэча патрэбная дзецям і моладзі дыяцэзіі, бо з’яўляецца вельмі часта “імпульсам” да нястомнага выспявання ў веры і “святлом”, якое дапамагае ў тым, у якім кірунку крочыць.
Па словах біскупа, трэба будаваць сваю будучыню на веры продкаў, каб перадаваць Божае Евангелле наступным пакаленням. “Не стамляйцеся ў імкненні да лепшага, выхоўвайце сваё сэрца”, – дадаў іерарх.
Біскуп заклікаў дзяцей і моладзь быць “апосталамі ХХІ стагоддзя” ў сваіх асяроддзях, дзе знаходзяцца штодзень. “Няхай Евангелле будзе абвяшчацца дзейсна на працягу ўсяго часу Парафіяды, а таксама пасля яе заканчэння. Каб мы ўсе ішлі і абвяшчалі Евангелле Хрыста, якое дае нам надзею, умацоўвае нашу любоў і пабуджае нас быць у свеце сведкамі”, – пажадаў іерарх.
На заканчэнне літургіі спецыяльныя ўзнагароды атрымалі шматгадовыя спонсары і госці Парафіяды, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы якіх ёсць магчымасць яе правядзення. Ксёндз Артур Малафей, дырэктар Парафіяды і адказны за спорт у Гродзенскай дыяцэзіі, падзякаваў усім тым, якія падтрымліваюць гэтае мерапрыемства матэрыяльна.
Затым адбылося ўрачыстае адкрыццё сустрэчы: у святыню быў унесены сцяг Парафіяды і прачытана спецыяльная малітва.
Парафіяда завершыцца 21 чэрвеня. Яна будзе ўключаць разнастайныя спартыўныя, музычныя і тэатральныя конкурсы, а таксама конкурсы біблейскіх ведаў і ведаў з гісторыі Касцёла. Кожны дзень будзе пачынацца святой Імшой, а заканчвацца вячэрняй малітвай.
Згодна з дэвізам Парафіяды, яе ўдзельнікі ў гэтым годзе асаблівым чынам жадаюць супольна пазнаваць, як жыць кожны дзень Евангеллем. Бо толькі той чалавек, які зробіць Евангелле праграмай свайго жыцця, які пойдзе за Езусам і будзе мець Яго спосаб мыслення і дзеяння, стане вестуном Добрай Навіны ў сучасным свеце.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Баляслава Гавецкага