Skip to main content

Прадстаўленне пра св. Антонія паказалі ў Сапоцкіне

sdb adzinstwa 717 чэрвеня дзеці і моладзь парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне выступілі з прадстаўленнем “Пакінь сваю зямлю”.

Прадстаўленне было прысвечана постаці св. Антонія Падуанскага і адбылося ў мясцовым Доме культуры. Яно давала нагоду прыгледзецца да свайго жыцця і адказаць на пытанне, ці ідзе чалавек дарогай святасці.

Тэма прадстаўлення пра св. Антонія, якога Касцёл успамінаў у літургіі 13 чэрвеня, была абрана невыпадкова. У гэты дзень пробашч парафіі ў Сапоцкіне кс. Антоні Абухоўскі адзначаў свае імяніны. Такім чынам малодшыя парафіяне хацелі выказаць павагу да свайго святара і разам з ім пабачыць, чаму вучыць гэты святы сучасных людзей.

sdb adzinstwa 25

Падчас прадстаўлення маладыя акцёры нагадалі гледачам, што кожны чалавек у момант святога хросту атрымлівае свайго апекуна і абаронцу. І гэтага апекуна трэба наследаваць у штодзённым жыцці: любіць Бога і людзей так, як любіў ён; служыць так, як служыў ён; прысвячаць сябе так, як ён.

Найважнейшым пасланнем прадстаўлення было тое, каб кожны чалавек жыў як хрысціянін, у прастаце, шчодрасці і пакоры. “Пабач уласныя таленты, не толькі абмежаванні. Май да сябе цярплівасць, адкінь сэрца з каменя”, – заахвочвалі акцёры.

На заканчэнне пробашч парафіі падзякаваў усім за тое, што прыйшлі на прадстаўленне, а дзецям і моладзі – за час, прысвечаны на яго падрыхтоўку.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Людміла Кавальчук