Skip to main content

Дзень адзінства Салезіянскай сям’і адзначылі ў Смаргоні

sdb adzinstwa 216 чэрвеня ў Смаргоні Салезіянская сям’я Беларусі адзначыла дзень адзінства. На святкаванне прыбыло шмат людзей з усёй краіны: святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, дзеці, моладзь і шматлікія вернікі з усіх салезіянскіх пляцовак. Ганаровымі гасцямі на свяце сталі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама ксёндз Юзаф Занеўскі SDB, які распачынаў салезіянскую справу ў Беларусі і які ў гэтыя дні святкаваў саракавую гадавіну святарства.

На пачатку свята пад гукі аркестра гасцей прывітала моладзь у нацыянальных строях і касалапы мішка, які з’яўляецца сімвалам Смаргоні.

Традыцыйна дзень адзінства Салезіянская сям’я адзначае ў дзень нараджэння рэгіянальнага настаяцеля. У Беларусі гэтую пасаду займае кс. Віктар Гайдукевіч SDB, які адзначае свой дзень нараджэння 21 чэрвеня. Таму для салезіянаў Беларусі ўжо стала добрай традыцыяй збірацца ў першы месяц лета ў адным з месцаў сваёй прысутнасці. Пяць год таму ў Беларусі ўпершыню адзначалі гэтае свята ў Смаргоні, у бягучым годзе дзень адзінства вярнуўся ў гэты горад.

Урачыстую св. Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, а гамілію да прысутных прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваёй прамове іерарх разважаў над асобай Езуса Добрага Пастыра. “Як гаворыць Евангелле, над якім сёння разважаем, сапраўдны пастыр аддае жыццё сваё за авечак (пар. Ян 0,15).

sdb adzinstwa 4

Езус не толькі аддаў за нас жыццё, але зрабіў тымі, хто мае дачыненне да Збаўлення. Менавіта збаўленне тых, каго палюбіў і для каго ўцелавіўся Сын Божы, было мэтай прыйсця Хрыста ў гэты свет. Калі кожны з нас жадае наследаваць Хрыста, як Добрага Пастыра, няхай з усіх сіл стараецца палюбіць чалавека так, каб аддаць сваё жыццё за яго”, - адзначыў біскуп.

Напрыканцы казання біскуп узгадаў шаноўных юбіляраў, кс. Віктара і кс. Юзафа, спыніўшыся на асобе кожнага з іх і ўзгадаўшы этапы іх святарскага служэння, а таксама пажадаўшы ім далей наследаваць прыклад Езуса.

“Кс. Юзаф распачынаў сваё служэнне ў няпростыя і небяспечныя для святара часы, калі супраць веры змагаліся, забаранялі цэлебраваць св. Імшу, пагражалі. Нягледзячы на ўсе перашкоды, наш юбіляр бясстрашна працаваў на ніве Пана: рыхтаваў дзяцей да Першай святой Камуніі, праводзіў катэхэзы, стварыў у Жупранах сапраўдны аазіс веры, а таксама нястомна цэлебраваў св. Імшы ў навакольных вёсках”, - распавёў іерарх.

“Пан выбраў кс. Віктара, простага, але ў той самы час чалавека са шматлікімі каштоўнасцямі і здольнасцямі. Мудрасць, якая праяўляе Божую прысутнасць і ўказвае на першынства Бога; салезіянскую радасць, якую можа раздзяляць з іншымі і такім чынам сеяць зерне надзеі; адкрытасць, якая дазваляе першаму выцягнуць руку, каб дапамагчы; сардэчнасць, з якой вітаецца з усімі, асабліва з моладдзю; веру ў ласку Божую і чалавечую дабрыню; патрабавальнасць айца і настаўніка; сумленнасць ў апостальскім і братэрскім служэнні”,- падкрэсліў біскуп.

Напрыканцы св. Імшы арцыбіскуп Габар Пінтэр перадаў кс. Віктару і кс. Юзафу асабістыя віншаванні ад Папы Францішка і пастырскае бласлаўленне ад Святога Айца.

sdb adzinstwa 1

Пасля рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ад імя ўсёй Салезіянскай сям’і звярнуўся са словамі падзякі і віншавання да кс. Юзафа: “На нашых землях Вы ўваскрасілі салезіянскі дух, Вы нас уваскрасілі, як добры гаспадар, Вы падрыхтавалі зямлю, засеяную зернем. Толькі Бог ведае, як цяжка давалася наша Беларуская цаліна, знішчаная сонцам атэістычнай ідэалогіі і абыякавасцю душы, як цяжка было выкараніць з людскіх сэрцаў боязь, амаральнасць, пустату. Вы пакінулі на Беларусі прыгожую, дагледжаную зямлю. Мы, як маладое пакаленне, даглядаем яе, а плёны будуць збіраць маладзейшыя за нас, у гэта мы свята верым! Мы верым, што Вашая праца не будзе змарнавана, што прыйдуць новыя сабраты і ўрэшце на Беларускай зямлі заквітнее цудоўны салезіянскі сад. Вы - наша легенда, наш прыклад. Дзякуй за Вашую адвагу стаць святаром у такі нялёгкі час”.

sdb adzinstwa 3

Павіншаваў юбіляраў таксама і старшыня Смаргонскага райвыканкама Харужык Генадзь Васільевіч. Ён  адзначыў, што раённыя ўлады высока цэняць супрацоўніцтва з Касцёлам і працу салезіянаў у справе выхавання моладзі.

Пасля ўсіх віншаванняў прысутныя накіраваліся ў араторый, дзе адбыўся абед і працяг святочнай праграмы, падрыхтаваны салезіянамі са Смаргоні пад кіраўніцтвам пробашча парафіі св. Міхала Арханёла кс. Алега Жураўскага SDB.

Паводле sdb.by