13 чэрвеня ў парафіі Св. Станiслава Косткi ў Ваўкавыску (Ваўкавыскі дэканат) адзначылi трайную ўрачыстасць: святога Антонiя, тры гады з дня асвячэння касцёла i сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў у гэты дзень падчас святой Імшы 170 вернікам парафіі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзii Юзаф Станеўскi.
На пачатку ўсе сабраныя горача прывіталi іерарха каля брамы касцёла згодна са старажытным звычаем, хлебам i соллю, як самага дарагога госця. Затым кандыдаты звярнулiся з просьбай удзялення сакрамэнту канфірмацыі, каб атрымаць магчымасць у поўнай меры ўдзельнічаць у жыцці Касцёла.
Напрыканцы святой Імшы моладзь ад iмя тых, хто прыняў сакрамэнт, падзякавала біскупу Юзафу Станеўскаму за гэты ўрачысты дзень, за наведванне парафii, за Эўхарыстыю, навуку i малітву.
Маладыя людзі паабяцалi, што смела будуць вызнаваць веру дома, у школе, на вуліцы і падчас адпачынку i часта сустракацца з Хрыстом у святой Камуніі і сакрамэнце пакаяння.
Словы падзякі таксама былi cкiраваныя да пробашча кс. Алега за падрыхтоўку да сакрамэнту канфiрмацыi, за добрыя словы для кожнага і шчырую ўсмешку.
Маладыя вернікі падзякавалі бацькам і хросным, а таксама ўсiм, хто сабраўся на гэтай урачыстасцi, за малітву ў iх iнтэнцыях, просячы i далей не пераставаць маліцца за iх, каб яны маглi ўмацоўвацца ў добрых намерах і былі годнымі сведкамі веры.
Святлана Мурончык