Аўтарам здымкаў, на якіх прадстаўлены скульптуры Маці Божай, створаныя ў перыяд Сярэднявечча, з'яўляецца Ежы Касючэнка - фізік, фатограф, дакументаліст.
Паказ фотаздымкаў ладзіўся ў Інфармацыйна-турыстычным цэнтры Гродзенскай дыяцэзіі пры пабрыгіцкім кляштары. Мерапрыемства было арганізавана дзякуючы намаганням кс. Антонія Грэмзы і праходзіла ў межах сустрэчы душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў.
Падчас прэзентацыі фотапраекта аўтар Ежы Касючэнка распавёў прысутным пра развіццё культу Маці Божай у краінах Еўропы на прыкладзе марыйных скульптураў, створаных у перыяд X-XVІ стст.
"Фотаздымкі скульптур былі зроблены падчас маіх шматлікіх падарожжаў па Еўропе, - адзначае аўтар. - Я фатаграфаваў скульптурныя выявы Найсвяцейшай Маці ў вядомых музеях, галерэях, парафіяльных касцёлах, старых капліцах і кляштарах, якія знаходзяцца ў Аўстрыі, Францыі, Германіі, Польшчы, Партугаліі і Італіі. У сваім фотапраекце я даследую, якім чынам змяняўся вобраз Маці Божай у аб'ёмных скульптурных формах на працягу стагоддзяў у розных краінах Еўропы, а таксама імкнуся наблізіць людзей да Найсвяцейшай Марыі, паказаць Яе глыбокую веру, надзею і любоў. Вельмі цешуся, што змог паказаць свае фотаздымкі ў Гродне - горадзе, дзе нарадзіўся і правёў восем гадоў свайго дзяцінства".
Ежы Касючэнка падкрэсліў, што падчас побыту ў горадзе над Нёманам зрабіў шмат фотаздымкаў, на якіх адлюстраваў мясцовых вернікаў, а таксама знакавыя месцы і архітэктурныя помнікі гістарычнага цэнтра Гродна.
Кінга Красіцкая