З 4 па 16 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці праходзіць дзіцячы летнік "Канікулы з Богам", які сабраў больш за 80 удзельнікаў. Хлопцы і дзяўчаты падзяліліся на тры групы: "Кацяняты", "Шчанячы патруль" і "Спецназ Езуса", каб праз гульні і забавы пазнаваць Хрыста.
Праграма летніка прадугледжвае шмат цікавых мерапрыемстваў. Ужо адбыўся конкурс "Бог гаворыць да сваіх дзетак" , дзе маленькія вернікі прадставілі інсцэніроўкі на выбраныя тэмы: "Ен нарадзіўся ў Бэтлееме", "Бог стварае свет", "Ной і патоп". У спектаклях дзеці мелі магчымасць праявіць сваю таленавітасць і крэатыўнасць. Апекуны паклапаціліся і пра спартыўнае выхаванне хлопцаў і дзяўчат: кожную раніцу адбываецца зарадка, дзеці ўдзельнічаюць у спартландыі.
Наперадзе шмат іншых гульняў: "Еўрабачанне", "Хвіліна славы", "Конкурс малюнкаў на рэлігійную тэму", "Дзень тайнага анёла" і інш.
"Больш за ўсё мне падабаюцца смачныя стравы, якімі нас частуюць. Таксама люблю бавіць час з нашымі апекунамі і збірацца разам у касцёле”, - адзначае адна з удзельніц Вікторыя Галкевіч.
Галоўным пунктам усяго летніка з’яўляецца малітва і невялікая катэхэза. На катэхэзе дзецям распавядаюць пра Езуса Добрага Пастыра, які нястомна клапоціцца пра сваіх дзяцей.
Сардэчна дзякуем ксяндзам сэрцанам, манахіням і спадару Алегу Гарбачову за арганізацыю летніка. Няхай за ўсё будзе хвала Пану!
“Канікулы з Богам” арганізоўваюцца пры парафіі на Вішняўцы штогод. Мэта летніку, каб дзеці правялі пачатак свайго вольнага часу з Богам, і каб гэта паслужыла штуршком да быцця з Ім на працягу ўсяго лета.
Вадзім Яблонскі