4 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў групе вернікаў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні сакрамэнт канфірмацыі.
Падчас святой Імшы, якая цэлебравалася ў салезіянскім араторыі, сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі больш за 90 чалавек.
Вітаючы біскупа, пробашч кс. Алег Жураўскі SDB сказаў, што гэты дзень асаблівы для вернікаў, якія прымаюць гэты сакрамэнт, бо, атрымліваючы дары Духа Святога, яны становяцца сведкамі Хрыста Пана.
Самі ж кандыдаты да канфірмацыі абяцалі, што будуць старацца развіваць у сабе Божае жыццё і быць адважнымі хрысціянамі, якія сёння патрэбны Касцёлу і свету. Таксама яны дзякавалі катэхетам, якія падрыхтавалі іх да гэтай важнай падзеі і растлумачылі, для чаго чалавеку патрэбны Дух Святы.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што сёння, як ніколі раней, свету патрэбна відавочнае сведчанне, да якога заахвоціў усіх прысутных на літургіі, а асабліва прымаючых сакрамэнт канфірмацыі.
Іерарх выказаў надзею, што праз свае штодзённыя словы і ўчынкі вернікі будуць рабіць свет лепшым і паказваць іншым, што варта, а нават і трэба быць чалавекам Касцёла і Бога.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Яўген Амасёнак, семінарыст