Больш за 100 валанцёраў і аніматараў прыняло ўдзел у арганізацыі VIII Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў 2 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
З пачатку мая хлопцы і дзяўчаты з розных парафій Гродна рыхтавалі з арганізатарамі праграму мерапрыемства. Усе разам стараліся, каб свята выдалася цікавым і насычаным. Рашэнне далучыцца да Дня дзіцяці маладыя людзі тлумачаць тым, што хацелі б падзяліцца сваім сэрцам з маленькімі ўдзельнікамі свята.
Сёння сваімі ўражаннямі ад свята, якое праходзіла пад дэвізам “Будзь дзіцём Бога”, дзеляцца валанцёры і аніматары дыяцэзіяльнага свята для дзяцей.
Валанцёр – сведка Божай любові
Сабіна Дзякун з гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) прызнаецца, што быць валанцёрам на Дыяцэзіяльным дні дзіцяці ўжо даўно было яе марай, але апошнія тры гады з-за недахопу часу гэта не было магчыма.
“У гэтым годзе Пан даў мне такую магчымасць, бо для мяне быць валанцёрам – нешта неверагоднае. Гэта так крута – радаваць маленькіх, дарыць ім любоў і радасць”, – кажа Сабіна. Дзяўчына падкрэслівае, што ёй “прыемна бачыць, што дзеткі свецяцца ад шчасця, а яшчэ больш прыемна ўсведамляць, што Пан гэта робіць праз цябе”.
Сабіна дзякуе ўсім арганізатарам свята за тое, што яны даюць магчымасць маладым людзям Гродна развіваць свае таленты і служыць іншым. “Хочацца сказаць вялікае дзякуй кс. Юрыю Марціновічу, які ўжо восем гадоў запар робіць гэтае цудоўнае свята для дзяцей. А таксама дае нам, валанцёрам, магчымасць дарыць дзецям гэтую радасць і быць сведкамі Божай міласэрнасці і любові да нас, Яго самых любімых дзяцей”.
Варта прысвячаць сябе такім рэчам
Пётр Савіцкі з гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) адзначае, што для яго гэта быў першы вопыт быць валанцёрам і ён не шкадуе аб гэтым, бо ад удзелу ў такой цудоўнай сустрэчы атрымаў мора пазітыву і энергіі.
Хлопец прызнаецца, што ва ўсім гэтым для яго было найбольш узрушальным і будуючым бачыць радасць у вачах столькіх дзяцей. “Бачыць на іх тварах усмешку, у іх вачах радасць – гэта, напэўна, самае важнае на такім свяце”, – кажа Пётр. Па яго словах, варта прысвячаць сябе такім рэчам, бо яны станоўча ўплываюць на развіццё асобы чалавека і ўзбагачаюць жыццё іншых.
Пётр дадае, што патрэбна як мага больш такіх сустрэч для дзяцей, бо менавіта там яны атрымліваюць правільны накірунак і трывалы фундамент.
Быць часткай свята
Мажэна Талочка з гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы) пераканана, што дзеці запомнілі яе як Маршэл са “Шчанячага патрулю”, бо менавіта гэтага героя яна прадстаўляла на сцэне.
Дзяўчына кажа, што з дапамогай герояў казкі дзецям хацелі данесці вялікую праўду, што ўсе любімыя Богам. “На сцэне мы паказалі прыклад хлопчыка, які выпадкова трапіў на наша свята і не ведаў, хто такі Бог. Дзеткі дапамаглі яму быць бліжэй да Бога і самі сталі бліжэй да яго”, – дадае Мажэна.
Па словах дзяўчыны, усе валанцёры стараліся зрабіць кожнае дзіця шчаслівым, бо гэта было асновай іх дзейнасці. Таксама, па яе меркаванні, гэта быў найлепшы ў гісторыі Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. “Я шчаслівая, што мне давялося быць часткай свята “ДДД-2018” у асобе валанцёра”, – заключае Мажэна.
Mы ўсе – дзеці Бога
Вадзім Яблонскі з гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) падчас свята праводзіў віктарыну. “У гэтым годзе мы выбралі тэму пра анёлаў і пыталіся ў дзяцей пра ўсё, што іх датычыцца. Напрыклад: “Хто такія анёлы, арханёлы?”, “Як завуць арханёла, які абвясціў Марыі, што народзіць Збаўцу?”, “Як завуць анёла, які пайшоў супраць Пана Бога?””
Вадзім адзначае, што адказы дзяцей былі самыя розныя, было і шмат цікавых. Аднак, як падкрэслівае, дзеці добра ведаюць, што анёлы спадарожнічаюць ім і дапамагаюць у штодзённым жыцці.
Хлопец кажа, што без дзяцей свята проста не адбылося б. “А так усе разам сабраліся, за што няхай будзе хвала Богу, бо мы Яго дзеці”, – дадае ён.
Варта адзначыць, што валанцёрамі і аніматарамі сёлета былі ўжо і ўдзельнікі папярэдніх дзён дзіцяці. Калісьці яны бралі ўдзел у гэтай сустрэчы, а сёння хочуць самі несці радасць дзецям праз сваю паслугу.
Усе валанцёры і аніматары ўдзячныя дзецям, якія наведалі гродзенскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзякуючы ім за кожную ўсмешку і радасць і чакаючы новых сустрэч з імі.
Ганна Глябовіч