Skip to main content

“Першакамунійныя” дзеці з Іўя здзейснілі пілігрымку да Маці Божай у Тракелях

dzieci trakeli 22 чэрвеня, нa заканчэнне так званага Белага тыдня, дзеці з парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, якія ў гэтым годзе першы раз прынялі святую Камунію, наведалі з пілігрымкай санктуарый Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях.

Падчас пілігрымкі дзеці мелі магчымасць выказаць удзячнасць Богу і Найсвяцейшай Маці за дар Першай святой Камуніі. Пры наведванні санктуарыя яны асабліва маліліся за сваіх бацькоў і катэхетаў, якія перадалі ім дар веры і паказалі шлях да Бога.

На парозе канікул дзеці даверылі гэты час Панне Марыі, просячы Яе заўсёды стаяць побач з імі са сваім мацярынскім благаслаўленнем.

dzieci trakeli 1

Перад абразом Маці Божай дзеці ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебраваў іх пробашч кс. Ян Гавецкі. Святар заклікаў дзяцей заўсёды любіць Пана Езуса, Марыю і іншага чалавека.

Аўтобусная пілігрымка “першакамунійных” дзяцей у санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях стала ўжо традыцыяй. Яна адбываецца кожны год на заканчэнне Белага тыдня.

Кс. Юрый Марціновіч