VIII Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці, які прайшоў 2 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, завяршыўся абрадам рассылання Божых дзяцей.
Усе прысутныя на свяце дзеці былі запрошаны да сцэны. Пасля цэлага дня малітвы і мноства забаваў вядучыя падсумавалі ўсё, што адбылося, і далі ўдзельнікам у дарогу яшчэ некалькі парадаў.
“Старайцеся заўсёды клапаціцца аб гэтым прыгожым і бясцэнным сяброўстве з Панам Богам. Гэта вялікі скарб – мець Бога ў якасці Айца”, – сказаў кс. Юрый Марціновіч, галоўны арганізатар сустрэчы.
Моладзь, якая вяла праграму, заахвоціла сваіх маладзейшых сяброў заўсёды любіць Бога ўсім сваім шчырым дзіцячым сэрцам, таму што гэта Ён першы нас палюбіў.
Дзяцей заклікалі любіць Найсвяцейшую Маці, таму што Яна найлепшая нябесная Маці, якая заўсёды стаіць побач з чалавекам са сваім благаслаўленнем.
Іх заахвоцілі таксама любіць сваіх бацькоў, бо яны хочуць, каб кожнае дзіця было радасным, хочуць выхаваць іх добрымі людзьмі і даюць ім усё.
“Любіце адзін аднаго, таму што ва ўсіх нас той жа самы Айцец, усе мы належым да гэтай вялікай сям’і Божых дзяцей. У нас адзін Айцец у небе, які клапоціцца пра ўсіх, які ні пра каго не забывае!” – казала моладзь.
Затым прысутныя святары ўдзялілі кожнаму дзіцяці благаслаўленне з ускладаннем рук на галаву. Моладзь, апранутая анёламі, дала кожнаму ўдзельніку сустрэчы спецыяльнае пасланне, “падпісанае” самім Богам, які нагадвае, што стукаецца ў сэрца кожны дзень і кожную хвіліну.
“Я прашу: пабудуй святыню ўнутры сябе. Дзе б ты ні знаходзіўся, адчуй над сабою нябесны купал і цеплыню Маёй далоні. Таму, што Я заўсёды знаходжуся ў святыні твайго сэрца, табе нікуды не трэба ісці”, – гаворыцца ў фрагменце паслання.
Безумоўна, гэтае свята пакіне ў сэрцах дзяцей Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, якія прынялі ў ім удзел, трывалы след на доўгія гады. Удзельнікі з перакананнем, што яны любімыя дзеці Бога, вярталіся дадому, каб разам з Панам перажываць радасны час канікул.
Жаданнем арганізатараў было тое, каб кожны дзень наймалодшыя дыяцэзіяне маглі казаць: вялікі Бог у небе – мой Айцец!
Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці адбыўся ўжо ў восьмы раз. На ім сабраліся больш за 2500 чалавек з многіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельнічалі таксама дзеці з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (Мінск, Маладзечна) і Пінскай дыяцэзіі (Баранавічы). У падрыхтоўку і правядзенне свята было ўключана каля 100 валанцёраў з моладзі і 20 з дарослых.
Традыцыйна гэтае свята прайшло пры гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Анастасія Мішкура