27 мая ў Смаргоні прайшло Свята сям’і, якое стала ўжо традыцыйным для парафіі св. Міхала Арханёла. Яго рыхтавала ўся салезіянская сям’я – святары, манахіні, аніматары і моладзь.
Пасля св. Імшы дзеці разам з бацькамі былі запрошаны на пляцоўку каля касцёла. Вясёлыя скамарохі разам з аніматарамі прыцягнулі ўвагу хопцаў і дзўячат цікавым танцам. Пасля прывітальных слоў вядучых ўсе ўдзельнікі свята атрымалі заданні, за якія можна было атрымаць пэўную колькасць балаў.
Такія гульні як “Дон Боско - арэна”, “Трапнае вока”, “Хто хутчэй”, “Паляванне” сталі самымі папулярнымі і стварылі чаргу з маленькіх удзельнікаў. Падчас мерапрыемства дзейнічала фотазона, дзе сем’і маглі захаваць прыемныя моманты на доўгія гады. Стаць больш адметным можна было ў “Салоне прыгажосці”, дзе распісвалі твары дзяўчынак і хлопчыкаў фарбамі.
Радасны, сямейны настрой быў не толькі ў тых, хто спецыяльна прыйшоў на свята, але і ў выпадковых мінакоў, якія з радасцю да яго далучаліся. Усе ўдзельнікі атрымалі шмат пазітыўных эмоцый ад гэтага дня, які прайшоў у духу салезіянскай радасці і любові.
Напрыканцы кс. Станіслаў Краўчанка SDB правёў малітву і падзякаваў дзецям і бацькам за актыўны ўдзел. Пасля падліку балаў вылучылі трох пераможцаў конкурсаў, якія атрымалі памятныя падарункі. Затым усіх чакаў салодкі стол.
Марта Адахоўская
Фота – Караліна Сняжко