Skip to main content

Сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў "Маргарытка" прайшла ў Тракелях

margarytka trakeli 2626 мая ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася агульная сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў "Маргарытка" ў Гродзенскай дыяцэзіі.

У рамках спаткання вернікі выслухалі дзве канферэнцыі і сабраліся на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Галоўным пунктам сустрэчы стала св. Імша, яку ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкеівч. У гаміліі іерарх адзначыў, што вера нараджаецца, выспявае і рэалізуецца менавіта ў супольнасці. Прыналежнасць да яе робіць чалавека адкрытым на бліжняга і падштурхоўвае дзяліцца сваёй любоўю. “Упэўнены, што члены руху “Маргарытка” могуць пацвердзіць кожнае гэтае слова”, - дадаў біскуп Аляксандр, звяртаючыся да прысутных.

Ардынарый таксама падзякаваў удзельнікам супольнасці за духоўную падтрымку, якую яны аказваюць святарам, і пажадаў, каб гэтая дапамога "вярталася" да іх, узбагачаючы неабходнымі ласкамі.

Дыяцэзіяльныя "Маргарыткі" налічваюць ужо 1332 асобы з 53-х парафій. Яны падтрымліваюць штодзённую паслугу не толькі тых святароў, якія служаць на Гродзеншчыне, але і тых, хто знаходзіцца па-за яе межамі.

Асаблівай малітоўнай апекай яны ахінулі духоўных асобаў, на якіх ляжыць незлічоная колькасць абавязкаў і адказнасці: Святога Айца Францішка, Апостальскіх нунцыеў Клаўдыё Гуджэроцці і Габара Пінтрэа, усіх біскупаў Беларусі.

Кс. Юрый Марціновіч