25 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў вернікам гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы) сакрамэнт канфірмацыі.
Больш за 80 чалавек прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Іерарх цэлебраваў літургію ў інтэнцыі кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што гэты сакрамэнт робіць здольным быць найперш чалавекам. Чалавекам, які будзе адважна ступаць па зямлі, нярэдка пераадольваючы перашкоды, але ніколі не губляючы веры.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп, звяртаючыся да маладых людзей, якія былі ўзбагачаны дарамі Духа Святога, звярнуў увагу, што кожны хрысціянін намашчаны Духам, каб быць місіянерам – несці Хрыста і Яго Добрую Навіну для іншых і актыўна ўдзельнічаць у жыцці і радасці супольнасці вернікаў.
Іерарх заклікаў моладзь карыстацца дарамі Духа Святога і дазволіць Яму весці яе асветленым Ім шляхам жыцця і шляхам служэння Касцёлу.
Біскуп падзякаваў бацькам маладых людзей за тое, што паклапаціліся аб іх рэлігійным выхаванні да гэтай такой важнай у іх жыцці падзеі.
JM