У гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі падыходзіць да завяршэння падрыхтоўка да VIII Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які адбудзецца 2 чэрвеня. Свята пройдзе пад дэвізам “Будзь дзіцём Бога”.
Плануецца, што ў сустрэчы прымуць удзел больш за 2500 дзяцей з Гродзенскай дыяцэзіі. Прыбудуць таксама дзеці з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.
У правядзенне свята ўключаны больш за 100 валанцёраў, якія працуюць у гэтыя апошнія дні над падрыхтоўкай праграмы і патрэбных матэрыялаў.
Падчас сустрэчы арганізатары маюць мэту дапамагчы ўсім дзецям усвядоміць, што кожны чалавек з’яўляецца дзіцём Бога незалежна ад таго, якога ён узросту, і што ўсіх Пан любіць аднолькава.
Праграма свята, як заўсёды, будзе багатай. Найважнейшым яе пунктам стане святая Імша. Будзе таксама час на забавы і гульні. Новаўвядзеннем будзе выступленне Гродзенскага лялечнага тэатра з прадстаўленнем “Падарожжа з вераб’ём Джэкам”. Рыхтуецца і шмат іншых забаваў, якія, безумоўна, паспрыяюць таму, каб дзецям на сустрэчы было радасна.
Запланавана таксама выступленне гурта “Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Усё скончыцца абрадам рассылання Божых дзяцей. Кожны ўдзельнік свята атрымае спецыяльны ліст.
Заахвочваем усіх падтрымаць малітвай гэтую прыгожую ініцыятыву, якая з кожным годам атрымлівае ўсё большыя абароты і збірае ўсё большую колькасць удзельнікаў. Будзем маліцца і за ўсіх людзей добрай волі, якія жадаюць матэрыяльным чынам падтрымаць гэтую справу!
Kс. Юрый Марціновіч