19 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Святой Сям’і ў Лідзе. Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернiкам. На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне.
Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі каля 140 чалавек.
Вітаючы біскупа, пробашч парафіі кс. канонік Юзаф Ганьчыц заўважыў, што вернікі, прымаючы гэты сакрамэнт, адкрываюцца асаблівым чынам на дары Духа Святога, якія патрэбныя, каб трываць з Хрыстовым Касцёлам. Самі ж кандыдаты да канфірмацыі адзначылі, што праз яе прыняцце жадаюць стаць адважнымі хрысціянамі ў сучасным свеце.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, звярнуў увагу, што з сакрамэнтам канфірмацыі злучаецца абранне сабе новага апекуна. “Абіраючы сабе ў гэтым сакрамэнце апекуна, мы хочам углядацца ў яго прыклад жывой веры і вялікай адвагі, каб стаць чалавекам Бога”, – сказаў святар.
На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў тых, хто быў узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, нястомна адкрывацца на дзеянне Божай ласкі і жадаць з ёю супрацоўнічаць. “Богу дзякуйце, духа не гасіце”, – падсумаваў іерарх.
Біскуп выказаў перакананне, што сённяшні свет мае патрэбу ў людзях адважных і верных Богу, бо толькі яны будуць у стане змяніць гэты свет на лепшы.
JM