19 мая дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым людзям i старэйшым вернікам гэтай парафіі. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі каля 70 чалавек.
Да прыняцця сакрамэнту кандыдаты рыхтаваліся на працягу двух гадоў, удзельнічаючы ў катэхезах, спецыяльных набажэнствах і днях засяроджання непасрэдна перад гэтым.
Пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй, вітаючы біскупа, святароў дэканату і ўсіх сабраных у святыні, адзначыў, што ўрачыстасць прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці – выключны дзень для чалавека, калі ён адкрываецца на Божыя дары, якія так патрэбны ў тым, каб ісці праз штодзённае жыццё.
Сакрамэнт канфірмацыі вельмі важны ў жыцці хрысціяніна, паколькі робіць здольным мужна вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе прынцыпаў.
Вернікі, якія прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, абавязаліся штодзённа ўзрастаць у Божай ласцы і жыць Евангеллем, дбаць аб сваім духоўным развіцці і быць вестунамі міру ў сваім асяроддзі.
У гаміліі іерарх прасіў маладых людзей, каб яны, перш чым вырушаць у свет навукі і дарослага жыцця, не адыходзілі туды без моцы з вышыняў. Біскуп падкрэсліў, што гэтая Божая моц дасць ім патрэбную адвагу ў вызнаванні веры, дзяленні ёю і, калі з’явіцца такая неабходнасць, яе абароне.
Kс. Алег Канановіч