17 мая ў Гродне адкрыўся першы ў Беларусі дом для маці, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, пад назвай “Дом для мамы – Назарэт”. Заснавалі яго сёстры Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта.
Сёстры прыстасавалі пад дом будынак свайго старога кляштара, у якім быў зроблены грунтоўны рамонт і які быў адпаведна абсталяваны. У доме ёсць жылыя пакоі, кухня, пральня, кабінет псіхолага і інш.
Гэтая новая ініцыятыва Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне скіравана перш за ўсё на карысць самотных маці з дзецьмі і цяжарных жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Ахвяраваная ім дапамога ўключае, акрамя пражывання ў гэтым доме, таксама псіхалагічную дапамогу і духоўную апеку.
Мэта заснавання “Дома для мамы – Назарэт” – дапамога жанчынам, якія не могуць справіцца з асабістымі праблемамі, а таксама прапагандаванне абароны зачатага жыцця праз псіхалагічную дапамогу, апеку над маці да і пасля нараджэння дзіцяці.
У гэтым доме сёстры назарэтанкі могуць прыняць на акрэслены час да 8 маці з дзіцём адначасова.
Урачыстае адкрыццё і благаслаўленне “Дома для мамы – Назарэт” здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, перад гэтым узначаліўшы святую Імшу ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся ў інтэнцыі ўсіх, хто паклаў пачатак гэтай добрай справе, за ахвярадаўцаў і будучых жыхароў дома.
На ўрачыстай падзеі прысутнічалі духоўныя асобы, прадстаўнікі ўлады, сябры і знаёмыя сясцёр назарэтанак і іншыя. Усе яны мелі магчымасць наведаць гэты прыгожы будынак, спецыяльна прыстасаваны для жанчын з маленькімі дзецьмі.
Прыгожа падабраныя колеры сцен, сучасная мэбля, элегантны дэкор памяшканняў – усё зроблена так, каб будучыя насельнікі гэтага дома, якія змогуць у ім затрымацца на нейкі час, добра тут сябе адчувалі. А самае важнае – каб знайшлі тут для сябе бяспеку і супакой, а таксама ведалі, што яны патрэбныя.
Сёстры назарэтанкі, якія ўзяліся за гэтае адказнае заданне, маюць надзею, што дом стане прытулкам для многіх жанчын. Служачы жанчынам, якія апынуліся ў патрэбе, манахіні хочуць рэалізаваць харызмат сваёй супольнасці, а таксама паказваць іншым укрыты твар Бога і абвяшчаць свету Валадарства Божай любові.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская