Skip to main content

Адбылася кананічная візітацыя парафіі ў Ізабэліне

izabelin 115 мая адбылася кананічная візітацыя парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне (Ваўкавыскі дэканат). У гэты дзень парафію наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Апошняя кананічная візітацыя праходзіла тут у 2002 г.

Вернікі з вялікай радасцю віталі свайго пастыра, які прыбыў, каб быць сярод іх.

Пасля ўрачыстага ўваходу іерарха ў святыню пробашч парафіі кс. Міхал Васількевіч прадставіў справаздачу, у якой пералічыў усё, што было здзейснена ў парафіі з часу апошняга пастырскага візіту. Святар адзначыў, што вельмі шмат было здзейснена ў матэрыяльным плане ў час служэння былога пробашча а. Тамаша Ксянжкевіча CMF – быў зроблены генеральны рамонт будынка святыні.

З моманту, калі парафію ў 2011 г. узначаліў кс. Васількевіч, было зроблена вельмі шмат у будынку плябаніі і на прылеглай тэрыторыі.

Пробашч дадаў, што каля 90% прац было здзейснена дзякуючы ахвярнасці саміх парафіян. “Усе працы і развіццё парафіі магчымыя дзякуючы супрацоўніцтву і ўключэнню ўсіх парафіян, а асабліва парафіяльнай рады і колаў Жывога Ружанца”, – звярнуў увагу святар.

izabelin 10

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае мясцовую супольнасць. Іерарх падзякаваў вернікам за тое, што трываюць з Хрыстовым Касцёлам, за іх працу аднаўлення святыні і плябаніі і за апостальскі запал. Біскуп дадаў, што, аднак, найважнейшай справай з’яўляецца тое, што яны ствараюць жывы Касцёл і будуюць адзін аднаго ў веры.

Пасля Імшы іерарх сустрэўся з вернікамі ў святыні, дзе паразмаўляў з імі. Менавіта ў такія хвіліны пастыр Касцёла збліжаецца са сваім народам у здзяйсненні паслугі слова, асвячэння і пастырскага кіравання, уваходзячы ў непасрэдны кантакт з клопатамі, непакоем, радасцямі і чаканнямі людзей, маючы магчымасць ахвяраваць кожнаму слова надзеі.

izabelin 20

Пастырскі візіт, які праходзіў такім чынам, праявіўся ў сваёй праўдзівай сутнасці, ці як знак прысутнасці Пана, які наведвае свой народ, прыносячы яму супакой.

Біскупская візітацыя ў дыяцэзіі з’яўляецца апостальскай дзейнасцю. Яна паказвае, што біскуп – фундамент і знак еднасці дыяцэзіяльнага Касцёла. Візітацыя становіцца таксама нагодай да паглыблення кантактаў з душпастырамі і вернікамі, а таксама з рознымі малітоўнымі і апостальскімі супольнасцямі, якія дзейнічаюсць у парафіі.

Кс. Юрый Марціновіч