15 мая ў межах кананічнай візітацыі Ваўкавыскага дэканату біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Божай Міласэрнасці ў Падароску.
Падчас візітацыі ў святыні адбылося маёвае набажэнства і сустрэча з вернікамі.
Пробашч парафіі кс. Міхал Васількевіч прадставіў справаздачу з часу апошняй біскупскай візітацыі, якая праходзіла ў лістападзе 2002 г. Святар адзначыў, што за апошні час было зроблена вельмі шмат. Ён дадаў, што адначасова з рамонтнымі працамі ў святыні ішла праца над духоўным умацаваннем людзей у веры і вернасці Касцёлу.
Пробашч падкрэсліў, што важным элементам гэтай духоўнай працы былі святыя парафіяльныя місіі, якія праводзіў у чэрвені 2013 г. дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім слове падзякаваў пробашчу і вернікам за вялікі ўклад, які яны ўносяць у аднаўленне святыні, а таксама за будаўніцтва жывога Касцёла. Іерарх нагадаў, што веруючыя пакліканы будаваць гэты жывы Касцёл, бо пра тое, які вялікі Божы культ, сведчаць не сцены, а вера і жыццё чалавека.
Таксама біскуп заклікаў парафіян маліцца за Касцёл на Гродзеншчыне, які перажывае І Дыяцэзіяльны Сінод.
Сустрэча завяршылася дыялогам біскупа з парафіянамі, у якім вернікі дзяліліся сваімі радасцямі і смуткамі.
На заканчэнне яны атрымалі пастырскае благаслаўленне.
Kс. Юрый Марціновіч