Maй з’яўляецца ў Каталіцкім Касцёле часам Першых святых Камуній. Гэта радасная ўрачыстасць як для дзяцей, якія прыступаюць да сакрамэнту, так і для іх бацькоў.
У Гродзенскай дыяцэзіі ў гэты час амаль ва ўсіх парафіяйх шмат дзяцей упершыню прыступаюць да эўхарыстычнага стала. Яны запрашаюць у свае дзіцячыя сэрцы Езуса, каб Ён знайшоў там сабе памяшканне. На нашых вуліцах у гэты час таксама часта можна сустрэць дзяцей у белым адзенні, якія бягуць у касцёл, каб удзельнічаць у так званым “белым тыдні”.
Дзень 13 мая для 85 дзяцей гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы) запомніўся выключнай падзеяй – вялікім святам любові Бога да чалавека. У гэты дзень у парафіі адбылася ўрачыстасць прыняцця Першай святой Камуніі, калі дзеці прывіталі Хрыста ў сваіх сэрцах.
Урачыстасць Першай Камуніі стала прыгожым вянцом стараннай духоўнай і арганізацыйнай падрыхтоўкі, якая ішла апошнія два гады. Вялікую ролю ў гэтай падрыхтоўы адыгралі бацькі – першыя і найважнейшыя настаўнікі сваіх дзяцей. Для іх гэта быў шанс аднавіць жыццё згодна з прынцыпамі Евангелля, паглыбіць сяброўства з Богам і дапамагчы дзецям усвядоміць, што любоў Бога да чалавека бясконцая і безумоўная.
Таксама бацькі маглі разам з дзецьмі ўзгадаць і нанава перажыць святы хрост, на якім шмат гадоў таму, калі іх дзеці былі зусім маленькімі, абавязаліся выхоўваць іх у веры.
Дзякуючы за дар Эўхарыстыі, хацелася б пажадаць, каб распачатая блізкая сувязь з Хрыстом была для ўсіх дзяцей, упершыню прымаючых у гэтым годзе Езуса, пачаткам вялікага сяброўства і шляху, які яны будуць праходзіць з Ім.
Kс. Юрый Марціновіч