Па ініцыятыве пробашча а. Вальдэмара Слоты CSsR у парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы 13 мая быў пакладзены пачатак набажэнствам у гонар Маці Божай Фацімскай.
Намерам душпастыра з’яўляецца пашырэнне культу Маці Божай Фацімскай і папулярызацыя фацімскага набажэнства. Гэтыя набажэнствы маюць на мэце таксама дапамагчы вернікам лепш усвядоміць актуальнасць паслання Марыі з Фацімы. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо больш за 100 гадоў з часу Яе аб’яўленняў, гэтае пасланне застаецца актуальным.
Амаль год таму ў парафіі быў паклдзены пачатак набажэнствам першых субот месяца. Зараз кожны 13-ы дзень месяца будзе адбывацца ўрачыстая святая Імша і спецыяльнае набажэнства.
Першы фацімскі дзень у гэтым годзе быў праведзены кс. Паўлам Беланосам, віцэ-дэканам Бераставіцкага дэканату. У гаміліі святар заклікаў вернікаў паразважаць над словамі, сказанымі Езусам пасля ўваскрасення сваім вучням: “Супакой вам”.
Святар адзначыў, што гэта таксама словы, якімі Марыя прывітала трох дзяцей з Фацімы.
Пасля Імшы адбылася працэсія са свечкамі вакол касцёла пад спеў “З далёкай Фацімы”. Хоць вецер згасіў усе свечкі вернікаў, настрой у людзей быў узнёслы. Спеў Ларэтанскай Літаніі і благаслаўленне завяршылі набажэнства, на якое прыбылі двое святароў з дэканату і вернікі з ваколіц.
Заахвочваем святароў і вернікаў іншых парафій Гродзенскай дыяцэзіі далучыцца да падобнай малітвы, якая мае на мэце пашырэнне культу Беззаганнага Сэрца Марыі і частае звяртанне да Яе ў Ружанцы.
Ад нашай малітвы і пакаяння ў вялікай меры залежыць супакой у свеце.
С. Наталля Грыгарук