Skip to main content

Сакрамэнт канфірмацыі адбыўся ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне

wiszniawec 5213 мая ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас святой Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымала больш за 80 чалавек.

Ксёндз Эдвард Сінкевіч SCJ ва ўступным слове адзначыў, што гэтая ўрачыстасць з’яўляецца своеасаблівым звеставаннем урачыстасці Спаслання Духа Святога, якую Касцёл хутка будзе святкаваць. Ад імя ўсіх кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі святар запэўніў біскупа, што яны былі адпаведна падрыхтаваны да гэтай узнёслай хвіліны.

На пачатку Імшы іерарх заклікаў кандыдатаў да канфірмацыі адкрыцца на Духа Святога і сем Ягоных дароў: мудрасцi, розуму, рады, мужнасцi, умеласцi, пабожнасцi i боязі Божай.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што сённяшні свет мае патрэбу ў людзях адважных, якія ў моцы Духа Святога праз свае штодзённыя словы і ўчынкі будуць кіравацца да вызначанай мэты.

Святар заклікаў прымаючых сакрамэнт канфірмацыі паставіць у гэты дзень сабе пытанне, якім я з’яўляюся чалавекам: дзіцём Бога, якое жадае ўзрастаць у Божай ласцы, ці злога духа, які прыводзіць чалавечае жыццё да дэградацыі.

Падыходзячы да біскупа, маладыя людзі і старэйшыя вернікі гродзенскай парафіі былі намашчаны алеем святога хрызма. Да кожнага біскуп скіраваў словы: “Прымі знак Духа Святога”.

wiszniawec 22

Такім чынам яны ўзялі на сябе абавязак быць адважнымі вызнаўцамі сваёй веры і дазволілі запалаць у сабе Божай любові, каб занесці Добрую Навіну аб Езусе Хрысце іншым людзям, асабліва тым, хто далёка ад Касцёла.

На завяршэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч назваў тых, хто прыняў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, “рыцарамі Езуса Хрыста”. Іерарх заклікаў іх выкарыстаць добра Божы дар, які быў ім дадзены ў сакрамэнце.

Біскуп дадаў, што Касцёл хоча мець добрую моладзь і добрых вернікаў, якія будуць змяняць аблічча зямлі і самі заўсёды імкнуцца да жыцця з Богам.

Таксама іерарх заклікаў да асаблівай малітвы аб новых святарскіх, манаскіх і місіянерскіх пакліканнях.

JM

Фота: Віталій Алізаровіч